Для мяне няма больш пачэснай
справы, чым услаўляць у песнях свой
родны край, сваю Бацькаўшчыну.
Мікалай Галаўнёў
Песні таленавітага віцебскага кампазітара Мікалая Рыгоравіча Галаўнёва шырока вядомы не толькі на Віцебшчыне, але і ва ўсёй Беларусі. Розныя па тэме і жанру, яны вабяць сваёй шчырасцю, мілагучнасцю. Асобнае месца займаюць песні, прысвечаныя роднаму краю, баявым і працоўным подзвігам людзей, і таму многія самадзейныя і прафесійныя калектывы і выканаўцы ўключаюць іх у свой рэпертуар, як, напрыклад, Дзяржаўны акадэмічны народны хор імя Г. І. Цітовіча, ансамбль танца, музыкі і песні «Талака» Віцебскай абласной філармоніі і іншыя.
Асабліва моцная ў творчасці М. Галаўнёва лірычная плынь. У песнях «Гармонь», «Мосток березовый», «А жаўрук спявае…» яскрава адчуваюцца народныя матывы. Сам кампазітар гаворыць, што яго найбольш прывабліваюць хараство роднай прыроды, прыгажосць чалавечых пачуццяў, што так уласціва народнай песні.
У некаторых творах М. Галаўнёў выступае як аўтар не толькі музыкі, але і слоў, раскрываючы такім чынам самабытны талент паэта-песенніка. Кампазітар піша музыку таксама і на словы вядомых беларускіх паэтаў, такіх як: Пімен Панчанка, Зіновій Прыгодзіч, Рыгор Сітніца, Генадзь Бураўкін, Таісія Бондар і іншыя.
Першы зборнік песен Мікалая Галаўнёва быў выдадзены ў Віцебску ў 2004 годзе пад мілагучнай назвай «Край мой любы, дарагі…», другі — «А жаўрук спявае» — у 2013 годзе.
У дадзенае выданне ўвайшлі як новыя творы, так і некаторыя ранейшыя. Прадстаўленыя ў ім песні ўзбагацяць рэпертуар не толькі самадзейных, але і прафесійных калектываў.
Н. М. Усцінава,
член Саюза кампазітараў
Рэспублікі Беларусь
Добавить комментарий