Завяршыўся XII Кніжны фестываль «Красная Плошча» ў Маскве. Ён доўжыўся з 4 па 7 чэрвеня і стаў не проста літаратурным форумам, а сапраўдным дыханнем часу: 27 тэматычных пляцовак, больш за 400 выдавецтваў з усёй Расіі і краін блізкага замежжа, амаль 500 аўтараў — вядомых пісьменнікаў і маладых літаратараў з розных краін, дзесяткі тысяч гасцей. Як прызналі самі арганізатары, сёлетні фестываль перавысіў усе чаканні — і чытацкія, і выдавецкія.
Урачыстае адкрыццё адбылося на галоўнай сцэне ля Крамлёўскай сцяны. Пасля яго урадавая дэлегацыя прайшла па алеях беласнежных шатроў, якія ў гэтыя чэрвеньскія дні нагадвалі фантастычны горад — звонкі, сонечны. Гадзіннік на Спаскай вежы адбіваў час, нібы адлічваючы такт для літаратурнага марафона, і калі ветлівыя маскоўскія супрацоўнікі прапускалі праз кантроль, ты адразу трапляў у знаёмае з дзяцінства адчуванне свята.
Усё спалучалася гарманічна: артысты МХТ імя Чэхава, Камерны аркестр Расіі, салісты Дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Пушкіна і шмат хто яшчэ перамяжоўвалі слова з музыкай, ствараючы шматгалоссе, у якім кожны знаходзіў сваё. Вядомыя празаікі Яўген Вадалазкін, Павел Басінскі, Аляксей Варламаў, паэты Дзмітрый Вадэннікаў, Ігар Волгін вялі дыялогі з прысутнымі, як з даўно знаёмымі сябрамі.
Асаблівым стаў дзень — 6 чэрвеня, дзень нараджэння Пушкіна. Дзіцячыя касцюміраваныя прадстаўленні, даследчыкі творчасці генія, музейныя супрацоўнікі — усё гэта ператварыла плошчу ў жывы помнік паэту. Любоў да яго выказвалася так шчыра, што адчувалася літаральна ў кожным слове і кожным позірку.
Найбольш кранальным для нас, прадстаўнікоў выдавецтва, стала запрашэнне прыняць удзел у праграме Цюменскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі. 5 чэрвеня, на пляцоўцы «Регионы России», было шматлюдна і вельмі па-сямейнаму. Я пачала сваё выступленне з таго, што ў гэты дзень мая Радзіма — Беларусь — ушаноўвае памяць святой Еўфрасінні Полацкай, асветніцы, якая за тысячу гадоў да нас вучыла любові і кніжнай мудрасці. І менавіта ў гэты час у беларускіх храмах гучаць малітвы за мір на зямлі. Гэтая паралель — ад Полацка да Краснай плошчы — стала для многіх слухачоў адкрыццём. Узгадала, канешне, пра тое, што 2026 год у нашай краіне абвешчаны Годам беларускай жанчыны, а таксама, што ў нас заўсёды ўрачыста святкуецца Дзень адзінства народаў Беларусі і Расіі. Акрамя гэтага, падрабязна распавяла пра дзейнасць Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзел беларускіх пісьменнікаў у грамадскім жыцці краіны ў сённяшні няпросты час.
Разам з старшынёй Цюменскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Сяргеем Казловым і з нашым аўтарам, вядомым пісьменнікам з Цюмені, галоўным рэдактарам альманаха «Врата Сибири» Леанідам Івановым, мы прадставілі новую кнігу выдавецтва — «Сезон радасці», што ўбачыла свет напярэдадні фестывалю. Пасля выступлення нас засыпалі пытаннямі: прысутныя распытвалі пра кнігарні і бібліятэкі, пра нашага чытача, пра жыццё беларусаў. Шмат хто ўспамінаў свае падарожжы па Беларусі — і хвалілі чысціню, парадак, дабрыню людзей, а таксама мудрую дзяржаўную палітыку. Было прыемна, бо хвала гучала шчыра.
На тварах свяціліся ўсмешкі, вакол гучалі гаворкі на розных мовах, мільгала нацыянальнае адзенне. Гэта нечакана нагадала мне Гродзенскі фестываль нацыянальных культур, дзе таксама пераплятаюцца гаворкі, традыцыі, але заўсёды перамагае агульнае — павага і цікавасць адзін да аднаго.
Вярталіся на радзіму, напоўненыя той святочнай радасцю, што бывае пасля сустрэчы з сапраўднымі сябрамі. А ў творчы партфель дадалі новыя знаёмствы з пісьменнікамі Ханты-Мансійска, Югры, Ямала-Ненецкай акругі. Дыялогі і сустрэчы з кіраўнікамі Саюза пісьменнікаў Расіі, Расійскага кніжнага саюза, выдавецтваў «Вече», АСТ, абмен ідэямі — усё гэта падштурхоўвала да новых праектаў на ўмацаванне супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі, каб беларускае слова гучала яшчэ мацней, а палітра імёнаў расійскіх пісьменнікаў пашыралася ў Беларусі.
І яшчэ адно назіранне, якое ўзрадавала асабліва: расіяне купляюць кнігі. Калі мы завіталі на гандлёвую пляцоўку землякоў з «Макбела», там быў такі натоўп пакупнікоў, што немагчыма было нават паразмаўляць. Большасць з іх — дзеці з бацькамі, але выбіралі малыя — і рабілі гэта з такім азартам, быццам кожная кніга была лепшай і апошняй.
Наша камандзіроўка планавалася як азнаямленчая, а стала натхняльнай. Мы зноў упэўніліся: слова — зброя міру. І калі Красная плошча гучыць кнігамі, значыць, Слова жыве. А для нас там быў яшчэ адзін сімвал: святая Еўфрасіння нябачна стаяла побач з храмам Васілія Блажэннага, благаслаўляючы кожны цёплы дыялог.





