19 чэрвеня 2026 года дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяна Анцух разам з першым намеснікам старшыні СПБ Аленай Стэльмах і старшынёй МГА СПБ Міхасём Пазняковым прыняла ўдзел у лекторыі ад Саюза пісьменнікаў Беларусі, які праходзіў у межах фестывалю «Бібліялета» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
У зале беларускай літаратуры сабралася зацікаўленая аўдыторыя, якая пачула падрабязны аповед пра тое, як будуюцца ўнутраныя працэсы ў выдавецтве на прыкладзе 33-гадовай гісторыі «Чатырох чвэрцяў». Спікер распавяла, як у наш час трансфармуюцца традыцыйныя формы работы пад уплывам сучаснага заканадаўства, новаўвядзенняў у мовазнаўстве і літаратуразнаўстве, патрабаванняў паліграфіі, а таксама падзялілася вопытам выкарыстання магчымасцей штучнага інтэлекту ў мастацкім афармленні кніг.
Асобую ўвагу Ліліяна Фёдараўна надала характарыстыцы членаў каманды рэдакцыйнага аддзела выдавецтва, якія нясуць адказнасць за рэдагаванне, карэктуру і, у канчатковым выніку, за якасць кожнай кнігі, што выходзіць у свет. Напрыканцы сустрэчы яна параіла студэнтам, моладзі — будучым спецыялістам — уважліва прыгледзецца да прафесій выдавецкай сферы: яны здольны захапіць на ўсё жыццё, калі любіш Кнігу.





