З нататак выдаўца
Напярэдадні Дня славянскага пісьменства і культуры выдавецтва атрымала запрашэнне ад Цюменскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі прыняць удзел (анлайн) у папулярнай праграме «Літаратурныя сустрэчы». У нашым дыялогу з яе стваральнікам і вядучым, вядомым расійскім пісьменнікам, грамадскім дзеячам, доктарам палітычных навук Леанідам Кірылавічам Івановым першым пытаннем да мяне было, як адзначаецца гэтае свята ў нашай краіне. Вядома, было што расказаць гледачам і слухачам праграмы, бо ў Беларусі з 1984 года ў гэты дзень праходзяць урачыстыя маштабныя мерапрыемствы. Такія, як, напрыклад, Кірыла-Мефодзіеўскія чытанні. Сёлета ў Мінску 25–26 мая на базе Інстытута тэалогіі імя святых Мефодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбыліся XXXII чытанні «Жанчына ў гісторыі славянскага пісьменства і культуры». Форум аб’яднаў звыш 130 удзельнікаў — студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў, кіраўнікоў дзяржаўных і царкоўных устаноў адукацыі, прадстаўнікоў духавенства, навуковай і культурнай грамадскасці з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Грузіі і інш. І канешне, тэма абрана невыпадкова, бо 2026 год аб’яўлены ў краіне Годам беларускай жанчыны. Атрымалася грунтоўнае абмеркаванне духоўных асноў айчыннай культуры, асоб беларускіх святых, гісторыі жаночага манашства. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся Веніямін, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Думаю, не мае сэнсу доўга распавядаць пра той духоўны вопыт, што набылі ўдзельнікі форума, а некаторыя нават зрабілі адкрыцці для сябе. У святочныя дні культурная грамадскасць краіны традыцыйна ладзіць канцэрты, фестывалі, праваслаўная супольнасць прымае ўдзел у набажэнствах, хросных хадах.
Леанід Іваноў, кніга якога «Сезон радасці» не так даўно ўбачыла свет у выдавецтве, прапанаваў расказаць і пра тое, якія магчымасці ёсць у чытацкай супольнасці Беларусі знаёміцца з творчасцю сучасных расійскіх пісьменнікаў. На гэтае пытанне я адказвала на прыкладзе працы нашага выдавецтва «Чатыры чвэрці». Распавяла пра тое, як арганізавана супрацоўніцтва з пісьменнікамі Расіі. Для пошуку лепшых твораў, адбору для публікацыі выкарыстоўваюцца ўсе даступныя формы: СМІ, сацсеткі, інтэрнэт-публікацыі, сустрэчы на міжнародных кніжных выстаўках. Але толькі тое, што прайшло праз душу і сэрца рэдактара ды пацверджанае кампетэнтным меркаваннем, уключаецца ў план выпуску, каб легчы на старонкі кнігі. Рэдакцыйная падрыхтоўка кнігі, узгадненне дэталяў праводзяцца сумесна з аўтарамі ў анлайн-фармаце.
На сёння маем нядрэнныя вынікі. За тры гады ў класічных серыях «Дзеці вайны», «Сучасная проза», «Жаночыя лёсы», «Дэтэктыўныя гісторыі», разам з творамі вядомых беларускіх пісьменнікаў, выпушчана больш за сорак расійскіх кніг. Чытачы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з новымі кнігамі Максіма Замшава, Міхаіла Папова, Валерыя Шэлегава, Алеся Кажадуба, Аляксандра Сегеня, Валерыя Ліпневіча, Уладзіслава Арцёмава, Валерыя Брадоўскага, Леаніда Іванова, Яўгена Шышкіна і многіх іншых.
Падчас традыцыйных міжнародных Мінскіх кніжных выстаў-кірмашоў у апошнія гады як адным з абавязковых мерапрыемстваў сумесна з дырэкцыяй маскоўскіх кніжных выстаў прадстаўляем выдадзенае на стэндзе «Кнігі з Расіі».
Да слова. Знаёмячыся з творчасцю пісьменнікаў, даведваемся многае пра жыццё людзей у розных рэгіёнах Расіі, а калі-нікалі і пра падзеі ў іх асабістым жыцці. Падчас працы над кнігай самога Леаніда Іванова напаткала трагічная вестка. Ён атрымаў паведамленне аб гібелі свайго сына ў месцах баявых дзеянняў. Вядома, і нас гэтая вестка прымусіла здрыгануцца, усе адразу адчулі, як блізка вайна і які наш свет кволы. Мы абавязаны сваёй працай, агульнымі намаганнямі спрыяць яднанню нашых народаў, каб разам супрацьстаяць усім варожым сілам.
Шмат тэм было закранута ў размове падчас праграмы «Літаратурныя сустрэчы», а напрыканцы мы абмеркавалі далейшую перспектыву і запланавалі мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне літаратурных сувязей паміж выдавецтвам і Цюменскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Расіі. Наступную сустрэчу для працягу гутаркі ўжо «ўжывую» і з прэзентацыяй кніг выдавецтва пазначылі на чэрвень гэтага года, месцам яе абралі кніжную выстаўку «Красная плошча» ў Маскве.
Анцух Ліліяна Фёдараўна,
дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва “Чатыры чвэрці”,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюзнай дзяржавы
Апублікавана ў «Літаратура і мастацтва», № 21 ад 5 чэрвеня 2026 г.





