«Разам мы – сіла»: тэлемост да Дня Вялікай Перамогі

      Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна 30 красавіка 2026 года прыняла ўдзел у чарговай анлайн-сустрэчы ў рамках міжнароднага праекта «Расія – Казахстан – Беларусь: творчыя сустрэчы анлайн». Тэлемост, які прайшоў пад лозунгам «Нас аб’ядноўвае Перамога», быў прымеркаваны да Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў. 
      Удзельнікамі анлайн-сустрэчы сталі прадстаўнікі ДУ «Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна» (г. Мінск, Рэспубліка Беларусь), Курганскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі імя А. К. Югава (г. Курган, Расійская Федэрацыя) і Паўночна-Казахстанскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі імя Сабіта Муканава (г. Петрапаўлаўск, Рэспубліка Казахстан).
      Ад Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна гасцей анлайн-сустрэчы вітала загадчыца аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Наталля Жаркевіч, якая расказала пра няпростыя лёсы многіх беларусаў, якія адважна абаранялі родную зямлю і свой народ у часы вайны. Гісторыі многіх герояў беларускай зямлі – як знакамітых, так і безыменных – ляглі ў аснову кніг у серыі «Дзеці вайны», якія з 2010 года выходзяць у беларускім выдавецтве «Чатыры чвэрці». Яго нязменны дырэктар і галоўны рэдактар, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюзнай дзяржавы Ліліяна Анцух распавяла пра рэальных герояў гэтага папулярнага кніжнага цыкла, казала пра тое, як пры працы з аўтарамі серыі ёй даводзілася прапускаць праз сваю душу іх успаміны, боль страт, якія ніколі не павінны быць забытыя будучымі пакаленнямі. Сярод яе блізкіх таксама былі людзі, якія прайшлі праз горан вайны, а таму на стварэнне серыі паўплывалі і падзеі з асабістага лёсу. Ліліяна Анцух падкрэсліла, што ў самыя цяжкія і змрочныя часы славянскія народы заўсёды ішлі і ідуць насустрач адзін аднаму, і ў гэтым адзінстве – залог агульнай сілы і росквіту.  
      Аўтар шматлікіх кніг, выпушчаных выдавецтвам, паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, рэдактар, літаратурны крытык, уладальнік прэмій «Залаты Віцязь-2022» і «Залаты Віцязь-2025», лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Анатоль Аўруцін. Ён падзяліўся з удзельнікамі тэлемоста гісторыяй жахлівага «эксперыменту» над беларускімі дзецьмі, якія нацысты праводзілі ў сваіх канцлагерах па ўсёй краіне. З дзяўчынак і хлопчыкаў выпампоўвалі літры крыві, каб падтрымліваць у страі салдат Трэцяга Рэйха. Прагучалі яго пранізлівыя паэтычныя радкі пра нявінна забітых, а таксама пра ўсіх тых, хто не вярнуўся з вайны.  
      Ад расійскага боку да ўдзельнікаў тэлемоста звярнулася галоўны бібліятэкар рэгіянальнага цэнтра чытання КАУНБ імя А. К. Югава Раіса Самарукава. На сустрэчы таксама прысутнічалі: ад горада Кургана – сцэнарыст, рэжысёр і аператар, кіраўнік студыі дакументальнага кіно «Адлюстраванне», член Еўразійскай акадэміі тэлебачання і радыё Аляксандр Галубкін; паэт, член Саюза пісьменнікаў Расіі Аляксандр Маргуноў. 
      Аляксандр Галубкін распавёў аб Кінастудыі «Адлюстраванне» і знятых на ёй фільмах, многія з якіх былі ўдастоены Гран-пры і іншых высокіх узнагарод. Ён прадэманстраваў фрагменты з фільмаў «Куда боялась ступить нога ангела» і «Командарм». Паэт Аляксандр Маргуноў прачытаў верш «Я иду домой дорогой памяти». На анлайн-сустрэчы прысутнічалі таксама студэнты івыкладчыкі Курганскага тэхналагічнага каледжа. 
      Паўночна-Казахстанскую абласную ўніверсальную навуковую бібліятэку імя Сабіта Муканава прадставілі яе супрацоўнікі: Наталля Чурак і Асель Шайхіслямава. Яны распавялі пра лёсы байцоў 314-й стралковай дывізіі, якая была сфарміравана ў ліпені-жніўні 1941 года ў Петрапаўлаўску з жыхароў Паўночна-Казахстанскай, Паўладарскай і Какчэтаўскай абласцей. Склад брыгады быў інтэрнацыянальны – рускія, казахі, беларусы, татары і іншыя. Многія пайшлі ваяваць добраахвотнікамі, пакінуўшы дамы, сем’і і звыклае жыццё. 314-я стралковая дывізія ўдзельнічала ў гераічнай абароне і вызваленні горада Ленінграда, а таксама краін Усходняй Еўропы. Перамога далася салдатам нялёгка – калі дывізію расфармавалі, з яе першапачатковага складу ў жывых засталася толькі трэцяя частка. Чацвёра ўдзельнікаў дывізіі былі ўзнагароджаны званнем Героя Савецкага Саюза, яшчэ восем чалавек сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Удзельнікі тэлемоста з Петрапаўлаўска таксама распавялі пра Джамбула Джабаева – легендарнага казахскага паэта-акына, лаўрэата Сталінскай прэміі другой ступені і рэдкага доўгажыхара. Ён складаў вершы, якія натхнялі і ўмацоўвалі сілу духу салдат, у ліку якіх быў і яго сын. Джабаеў стаў своеасаблівым «мостам» паміж тылам і фронтам і сапраўдным акынам для ўсіх савецкіх народаў. Моцную падтрымку паэтычным словам Джамбул Джабаеў выказваў жыхарам блакаднага Ленінграда. У 1943 годзе казахскі акын быў удастоены медаля «За вызваленне Ленінграда». 
     Анлайн-сустрэча дазволіла яшчэ раз зірнуць на падзеі Вялікай Айчыннай вайны вачамі народаў розных краін, у кожнага з якіх – свае гісторыі перамог і паражэнняў, уласныя героі і легенды. І тым не менш пераломны момант у супрацьстаянні стаў магчымы толькі тады, калі ўсе славянскія народы аб’ядналіся супраць агульнага ворага і перамаглі.

Аўтар Мікіта Мішчанка, супрацоўнік аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ДУ «Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна»

Материал о презентации на сайте библиотеки: «Правда о войне в книгах и судьбах»: онлайн-встреча трёх стран ко дню Великой Победы

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.