Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
І не забрала,
А зязюлька кукавала...
7 ліпеня споўнілася 143 гады з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У рамках традыцыйных Купалаўскіх дзён у парку імя Янкі Купалы адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка народнаму паэту Беларусі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел нашчадкі Янкі Купалы, супрацоўнікі музея, прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі і ўстаноў культуры Мінска.
Ліліяна Фёдараўна Анцух у сваім выступленні гаварыла пра тое, што спадчына Янкі Купалы дазваляе асвячаць любую тэму нашага сённяшняга жыцця з пункту гледжання законаў дабра, справядлівасці, павагі і любові. І тыя запаветы, што ён пакінуў, беларускім творцам дапамагаюць крочыць правільным шляхам. Адзін з такіх вершаў паэта «З кутка жаданняў», напісаны ў 1912 годзе, яна прачытала:
З цэлым народам гутарку весці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцця —
Гэткай шукаю цэлы век чэсці,
Гэта адно мне падпорай жыцця.
Песню стварыці ясну, як неба,
Ў кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуццём.
Што не загубяць крыўды жывую
Душу народа, што ўстане са сну,—
Гэткай надзеяй толькі жыву я,
Гэткую толькі чакаю вясну.
К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям —
Гэткай шукаю сцежкі на свеце,
Гэткаму богу і душу аддам.
За лепшу долю роднага краю,
За сваіх браццяў ў святой барацьбе —
Гэтакай толькі смерці жадаю,
Памяткі гэткай чакаю сабе.
Фотаздымкі Віктара Іванчыкава, выдавецтва «Чатыры чвэрці» і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: 143 гады з Янкам Купалам




