Прэзентацыя кнігі гумару Андрэя Сідарэйкі

      Калі мы смяёмся, з намі ўсё будзе добра — пад такім дэвізам у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя кнігі гумару Андрэя Сідарэйкі «Хабар». Пачалася яна з вясёлых мелодый — папуры на сусветна вядомыя хіты ў выкананні Філіпа, вучня 10-й музычнай школы.

      Павіншаваць маладога таленавітага творцу прыйшлі вядомыя пісьменнікі: Міхась Пазнякоў, Мікола Чарняўскі, Яўген Хвалей, Дзмітрый Дземідовіч, Анатоль Шабалін, Юлія Зарэцкая і іншыя. Дарэчы, пачуццё гумару многім прысутным таксама ўласціва, гэта паказала рэакцыя аўдыторыі.

      Кнігу прадставіла дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва Ліліяна Анцух. Яна расказала пра ідэю серыі «Несур’ёзна пра сур’ёзнае», якая была заснавана ў 2014 годзе, а таксама пра іншыя гумарыстычныя выданні выдавецтва. Мэтай гэтага накірунку было стварэнне адпаведнай атмасферы дабра і пазітыўных адносін да жыцця ў чытачоў.

      Мастак Аляксандр Каршакевіч распавёў пра тое, як ішла сумесная праца з аўтарам.

      У прадмове да кнігі Міхась Пазнякоў адзначыў: Перагарнуўшы апошнюю старонку кнігі, не адразу, але раю: калі вы сур’ёзны чалавек, то не трацьце марна часу… Не чытайце, бо, хутчэй за ўсё, адчуеце, што не так жылі і жывяце. А яшчэ горш: перастанеце быць сур’ёзным чалавекам. Знаёмыя не пазнаюць вас, а незнаёмыя падумаюць, што з вамі не ўсё ў парадку. А прычынай стане ваша заўсёдная ўсмешка і нават нечаканы рогат, бо, прачытаўшы кнігу, будзеце пастаянна згадваць незвычайныя сюжэты і, дзе трэба ці не трэба, усміхацца або рагатаць. А самыя блізкія, крый Божа, увогуле спалохаюцца… А калі вы багаты і паспяховы чалавек, тым больш не чытайце. Пакіньце гэты занятак тым, хто перабіваецца з хлеба на квас. Не раю чытаць таксама тым, у каго выдатная цешча, каханая жонка, дзівосны начальнік, непаўторная каханка. Чаму? А навошта ім пра гэта ведаць?! Не чытайце і вы, хто не хоча ведаць, колькі гузікаў на сукенцы самай сімпатычнай супрацоўніцы ці ў якія дні можна спазняцца на працу, не выконваць абяцанага, не рэагаваць на звароты, даручэнні і пытанні… Асабліва шкодна чытаць таму, у каго заўсёды выдатны настрой, бо ён пасля прачытання пачне блытаць кабінеты, імёны, даты… А блазенская ўсмешка будзе ўспрымацца зусім не ўсмешкай. Адным словам, вам пашанцавала! А чаму — лепш і не пытайцеся, а…

     Аўтар зачытаў некаторыя вытрымкі з кнігі. Як вядома, самы лепшы чытальнік твораў — гэта сам творца.

     У прэзентацыі прынялі ўдзел сярод іншых будучыя дызайнеры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.