Друкуючы ўрыўкі з новай аповесці ў газеце «Літаратура і мастацтва», Навум Гальпяровіч, напэўна ж, марыў, каб яна калі-небудзь выйшла асобным выданнем. Выдавецтва «Чатыры чвэрці» зрабіла такі падарунак свайму шматгадоваму аўтару і сябру да яго 75-годдзя. У цвёрдай вокладцы са стылёвым графічным афармленнем мастачкі А. Ягоравай і дызайнера У. Кажа кніга «Горад» нарадзілася напярэдадні юбілейнай вечарыны пісьменніка, што адбылася ў вялікай зале Дома літаратара.
З творчасцю Навума Якаўлевіча асабіста я пазнаёмілася яшчэ напрыканцы 1990-х гадоў, калі працавала над серыяй кніг «Нашы духоўныя каштоўнасці». Тады яго паэзія вельмі арганічна ўвайшла ў адзін з выпускаў серыі — кнігу-альбом «Прападобная Еўфрасіння Полацкая». Ён жыў у Полацку, дзе нарадзіўся ў 1948 годзе, і заўсёды гаварыў, што родны горад стаў для яго ўвасабленнем мар і сноў, жыццёвай пазіцыі, творчага шляху. А ў кнізе «Час лістападу», што раней выйшла ў нашым выдавецтве, ён напісаў: «Так вось мне, відаць, і было наканавана: несці ў сэрцы гэты сакральны вобраз, усведамляць сваю прыналежнасць да роднага места, да якога, па выразу майго славутага земляка Францыска Скарыны, мы ўсе “вялікую ласку маем”».
У новай кнізе Полацк прадстае перад чытачом як высокі светлы вобраз, як выток і працяг новых дарог, памкненняў і здабыткаў аўтара. Акрамя аповесці «Горад», у яе увайшла яшчэ адна — «Подых пяшчоты», і некалькі апавяданняў. Прасякнутыя спавядальнасцю, роздумам пра мінулае і сённяшні дзень, яны напоўнены пачуццямі дабрыні і шчырай пяшчоты, любоўю да родных і блізкіх яму людзей, што, дарэчы, характэрна для ўсіх твораў паэта, празаіка і публіцыста.
Першыя вершы Навума Якаўлевіча былі апублікаваны ў 1967 г. у наваполацкай газеце «Химик». У 1990 г. выйшла першая кніга вершаў — «Брама». У гэтым годзе паэт быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. З таго часу ў розных выдавецтвах убачылі свет нямала выданняў: кнігі паэзіі «Востраў душы», «Струна», «Святло ў акне», «Насцеж», «Гэта ўсё для цябе», «Голас і рэха», «Сюжэт для вечнасці», «Час лістападу»; прозы «Шляхі і вяртанні», «На трапяткім агні», «На скрыжаванні сноў», «В ожидании любви»; публіцыстыкі «Шлях да сябе» і «Я ад дрэва твайго лісток»; серыі кніг (у суаўтарстве з Наталляй Ванінай) «Гарады і гістарычныя месцы Беларусі»; фотаальбом (сумесна з Армэнам Сардаравым) «Маці-Зямля». Ён — укладальнік кніг «Там, дзе вежы Сафіі», «Сафійка, Полацк, родны край».
Вершы і проза пісьменніка друкуюцца ў рэспубліканскіх літаратурных выданнях, публікаваліся ў перакладах у часопісах «Дружба народов», «Наш современник», перакладзены на англійскую, польскую, румынскую, узбекскую, таджыкскую, туркменскую і іншыя мовы.
Навум Гальпяровіч — аўтар сцэнарыяў рэспубліканскіх свят у Тураве, Полацку, а таксама папулярных радыё- і тэлеперадач.
Многія яго творы ўвайшлі ў кнігі, анталогіі, школьныя хрэстаматыі. У выкананні аўтара і вядомых артыстаў яны не раз гучалі на радыё, у розных чытацкіх аўдыторыях.
Некаторыя вершы пакладзены на музыку кампазітарамі Мікалаем Пятрэнкам, Валерыем Івановым, Эдуардам Зарыцкім, Уладзімірам Буднікам, Алегам Сямёнавым і іншымі.
Ад імя калектыву выдавецтва «Чатыры чвэрці» сардэчна віншую Навума Якаўлевіча з юбілеем. Жадаем здароўя і творчага плёну. Верым, што яго жыццёвыя сілы, аптымізм, талент, як і раней, будуць служыць людзям. І з’явяцца новыя творы...
Ліліяна Анцух,
дырэктар выдавецтва і галоўны рэдактар
ЛіМ, № 6 ад 10.02.23





