XXXI Дзень беларускага пісьменства ў Івацэвічах Брэсцкай вобласці стаў, як заўсёды, для супрацоўнікаў выдавецтва сапраўдным святам. Знаёмства з новымі кнігамі, сустрэчы з калегамі з абласных бібліятэк, з іншых выдавецтваў, а галоўнае, з аўтарамі нашых кніг, якія жывуць у розных кутках Беларусі.
У складзе дэлегацыі ад Саюза пісьменнікаў Беларусі, якую ўзначальвала першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах, Ліліяна Анцух прыняла ўдзел у сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі сярэдняй школы № 3 г. Івацэвічы, дзе распавяла пра дзейнасць выдавецтва «Чатыры чвэрці» і творчасць пісьменнікаў з Берасцейшчыны: Зіновія Прыгодзіча, Расціслава Бензерука, Анатолія Крэйдзіча, Зінаіды Дудзюк, Таццяны Дземідовіч, кнігі якіх убачылі свет зусім нядаўна. Ліліяна Фёдараўна перадала выдавецкі падарунак школьнай бібліятэцы (сёлета Дзень пісьменства супаў з Днём ведаў) і пагаварыла з тымі вучнямі, што ўжо самі пішуць вершы, дала ім невялічкія парады.
На пляцоўцы Саюза пісьменнікаў Беларусі «Слова пісьменніка» прайшлі прэзентацыі новых кніг: Міхася Пазнякова — аўтарскі пераклад на рускую мову «Выход всегда есть, или Письма из прошлого» (серыя «Современная проза»); Рыгора Саланца «Снайпер Маша» (серыя «Дети войны»), прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; Паўла Жукава «Курорт моей мечты», з удзелам Ліліяны Анцух, Святланы Франко, Жанны Клімянок. Слухачы вельмі цёпла прымалі і аўтараў, і супрацоўнікаў выдавецтва. Свята ў Івацэвічах будуць памятаць і ўдзячныя жыхары прыгожага горада, і яго госці.
Фотаздымкі выдавецтва «Чатыры чвэрці», Саюза пісьменнікаў Беларусі, Віктара Іванчыкава