Мерапрыемства, прысвечанае прэзентацыі кнігі «Белая Жанчына», арганізавалі выдавецтва «Чатыры чвэрці», Заслаўскі гарвыканкам і Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Заслаўе — горад, дзе нарадзіўся Дзмітрый Леанідавіч. Таму вельмі сімвалічна, што са сцэны гучалі многія вершы і песні, прысвечаныя гэтаму гістарычна значнаму гораду Беларусі. Для запрашэння на сцэну сваіх калег па пяры Д. Пятровіч выкарыстаў арыгінальны прыём: кожнага аб’яўляў песняй, напісанай на словы выступоўцы. Падтрымаць творцу і сказаць добрае слова пра новую кнігу прыехалі пісьменнікі Генадзь Пашкоў, Міхась Пазнякоў, Святлана Быкава, Віктар Шніп, Рагнед Малахоўскі, Уладзімір Ермалаеў і Мікола Шабовіч. Радасным падарункам для ўсіх сталіся песні ў выкананні Анатоля Міхальчэнкава. На сцэне выступілі хор і ансамбль скрыпачоў Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама вучні Заслаўскай агу льнаадукацыйнай школы. Віншаванні прагучалі і ад прадстаўнікоў мясцовай улады — намесніка старшыні Заслаўскага гарвыканкама Дзяніса Собаля і кіраўніка справамі Заслаўскага гарвыканкама Маргарыты Канавалавай.
Кніга «Белая Жанчына» — шчырая споведзь чалавека, які ганарыцца, што ён беларус. Ганарыцца сваім родным Заслаўем і тым, што ў нас так шмат дзівосных мясцін.
Варта адзначыць сур’ёзную падрыхтоўчую працу, якую супрацоўнікі выдавецтва «Чатыры чвэрці» зрабілі разам зтворцамі, каб мерапрыемства прайшло на высокім узроўні. Заслаўская гарадская бібліятэка і Заслаўская дзіцячая школа мастацтваў атрымалі падарунак ад выдавецтва — новыя кнігі.
Людміла ГАТАВІЦКАЯ
ЛiМ, №4 (4753) ад 24 студзеня 2014 г.





