25 верасня ў Залессі адзначылі свята «Вяртанне “Паўночных Афін”», прысвечанае Дню нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, 10-годдзю Музея-сядзібы і 80-годдзю Гродзенскай вобласці.
Да гэтага дня былі падрыхтаваныя і выйшлі ў свет поўнакаляровыя кнігі-альбомы, выпушчаныя ў выдавецтве «Чатыры чвэрці»: «Мастак з Вётхава Павел Фаміч Южык» (аўтары тэкстаў: С. М. Кенько, В. В. Грыбанаў), «Музей-сядзіба М. К. Агінскага: дзесяць гадоў у культурнай прасторы» (аўтары тэкстаў: Т. М. Ражэва, Л. У. Градзіцкая, Л. Ф. Анцух і інш.).
Ліліяна Анцух уручыла віншавальны адрас ад выдавецтва «Чатыры чвэрці» дырэктару музея-сядзібы Людміле Градзіцкай. З нагоды 10-гадовага юбілею Музея-сядзібы М. К. Агінскага пажадала яго кіраўніку і калектыву моцнага здароўя, далейшых поспехаў у прафесійнай дзейнасці, новых дасягненняў у справе адраджэння і захавання культурнай спадчыны ў нашай краіне. А таксама выказала шчырую ўдзячнасць за шматгадовае плённае супрацоўніцтва, адзначыўшы, што сумесная мэтанакіраваная праца па папулярызацыі спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага дае добрыя вынікі: упершыню на постсавецкай прасторы выпушчаны пераклады яго прыжыццёвых мемуараў, кнігі аб яго жыцці і дзейнасці, праведзены канферэнцыі, арганізаваны канцэрты, сустрэчы з аўтарамі кніг — нашчадкамі Агінскага — і наведвальнікамі музея, дабрачынныя балі, спектаклі, з’явіліся публікацыі ў сродках масавай інфармацыі.
Мы перакананыя, што сяброўскія адносіны, якія склаліся за гэтае дзесяцігоддзе, будуць умацоўвацца, і сумесна мы рэалізуем новыя праекты.
(с) Фотаздымкі з архіва выдавецтва «Чатыры чвэрці»