23 снежня 2016 года ў Палацы мастацтваў у межах сацыяльнай выстаўкі-ярмаркі «50 ПЛЮС», якая была арганізавана выставачнай кампаніяй «Экспафорум» сумесна з Мінгарвыканкамам, калектыў выдавецтва «Чатыры чвэрці» правёў літаратурна-музычную імпрэзу «ТЭРАПІЯ СМЕХАМ». Яна адбылася пры ўдзеле папулярнага ансамбля народнай музыкі «Менскі гармонік» і знакамітых беларускіх аўтараў-гумарыстаў.
Мікола Маляўка, Мікола Чарняўскі, Казімір Камейша падарылі слухачам цудоўны калядны настрой, прачытаўшы свае лепшыя гумарыстычныя творы, змешчаныя ў кнігах серыі «Несур’ёзна пра сур’ёзнае», заснаванай у 2014 годзе ў выдавецтве «Чатыры чвэрці».
Мастацкае афармленне кніг, аздобленае работамі вядомага беларускага мастака Валянціна Губарава, несумненна, прыцягвае ўвагу чытачоў.
Ліліяна Анцух павіншавала прысутных з надыходзячымі святамі. Асаблівую ўвагу дырэктар выдавецтва скіравала на выданні, якія ў хуткім часе пабачаць свет у гэтай серыі, — «Гарэм на балконе» Міколы Чарняўскага і «Люстэрка» Уладзіміра Цануніна. А таксама звярнулася да слухачоў з заклікам больш чытаць кніг беларускіх аўтараў, вярнуць кнізе статус лепшага сябра.
Фотаздымкі Шчыракова А.М.





