28 чэрвеня 2025 года Ліліяна Анцух прыняла ўдзел у Жальбінах, што прайшлі на Вайсковых могілках у Мінску з нагоды 83-й гадавіны смерці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Перад прысутнымі ля помніка членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, журналістамі яна нагадала пра тыя запаветы, што паэт пакінуў нашчадкам праз свае творы і, у прыватнасці, сказала: «Наша пакаленне, якое нарадзілася на памежжы XX–XXI стагоддзяў, пачынаючы з ранняга дзяцінства звязана з творчасцю вялікага песняра ўсё жыццё. Мне падаецца, што той своеасаблівы барометр, што сфарміраваўся ў кожнага з нас на яго запаветах, дапамагае знаходзіць і сёння правільныя арыенціры, якія вядуць па жыцці і літаратараў, і навукоўцаў, і выдаўцоў. Мы заўсёды помнім, як родным беларускім словам Янка Купала маліўся за народ Беларусі, за мову нашу, “каб не ўмерла”, за тое, каб захавалі мы спадчыну, што “засталася нам ад прадзедаў”, і імкнёмся жыць па законах сумлення і справядлівасці. Але ж час няўмольны, ідзе на змену новае пакаленне, спадзяемся, што Янка Купала і сярод маладых будзе заўсёды жыць!».
Фотаздымкі выдавецтва «Чатыры чвэрці» і Віктара Іванчыкава
«Выдавецкі дом «Звязда»:Жальбіны з нагоды 83-й гадавіны смерці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы




