— Ліліяна Фёдараўна, выдавецтва «Чатыры чвэрці» працуе ўжо на працягу 30 гадоў. Столькі ж сёлета спаўняецца інстытуту Прэзідэнцтва Рэспублікі Беларусь і Асноўнаму Закону краіны. Ці адчуваеце сувязь паміж гэтымі знакавымі юбілеямі?
— Безумоўна, адчуваем. Гэтыя знакавыя падзеі 30 гадоў таму ляглі ў летапіс Беларусі новымі старонкамі. У незалежнай краіне, з усенародна абраным Прэзідэнтам, Канстытуцыяй, іншымі законамі, заснаванымі на прынцыпах дэмакратыі, былі створаны ўмовы для ўсіх, хто імкнуўся сваімі прафесійнымі справамі, індывідуальнымі магчымасцямі, творчымі здзяйсненнямі быць разам з народам. Выбар быў за намі, нашымі бацькамі, якія бачылі нястачу, голад, прайшлі вайну. Краіна жыла, паўнакроўна развівалася, пашыраўся спектр выдавецкай тэматыкі. Неабходнымі былі выданні, якія б вызначалі арыенціры нацыянальнага і духоўнага росту грамадзянскай свядомасці людзей.
З самымі патрыятычнымі намерамі невялікім калектывам энтузіястаў было прынята рашэнне вылучыць з Беларускага фонду дапамогі развіццю культуры самастойную кнігавыдавецкую структуру для выдання нотна-музычнай літаратуры, якой катастрафічна не хапала ў Беларусі. Таму і на назве з музычнай лексікі — «Чатыры чвэрці» — спыніліся. Ёй засталіся вернымі назаўсёды, нягледзячы на хуткае пашырэнне і кола выдавецкіх інтарэсаў, і тэматыкі.
На той час ужо запрацавалі адпаведныя законы і для выдавецкай галіны, якія суправаджаліся і падмацоўваліся неабходнымі метадычнымі матэрыяламі з Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, адкуль мы заўсёды адчувалі дапамогу і падтрымку. Усё спрыяла таму, каб, нягледзячы на цяжкасці, у тым ліку і фінансавыя, нам ды іншым беларускім выдаўцам удавалася паступова напрацоўваць аўтарытэт, заваёўваць чытацкую аўдыторыю. Кірунак для руху нашаму выдавецтву падказала тады лёсавызначальная сустрэча з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Яго мудрасць, празорлівасць, добрыя парады спрыялі таму, што ў канцы XX — пачатку XXI стагоддзя ў створанай серыі «Нашы духоўныя каштоўнасці» ўбачылі свет першыя кнігі, якія былі вельмі высока ацэнены грамадскасцю. Яны неслі людзям веды пра хрысціянскія ісціны, праваслаўныя святыні і былі першыя ў Беларусі. Выдавецтва ўганаравалі прэміяй «За духоўнае адраджэнне» (1996).
З тых часоў духоўная нацыянальная культура стала нашым галоўным прафесійным інтарэсам. Трыццаць гадоў пад яркім светачам духоўнасці і працягваецца рух выдавецтва. Творчы патэнцыял калектыву прыцягвае творчых людзей: пісьменнікаў, навукоўцаў, мастакоў, кампазітараў... У выніку здзяйсняюцца выдавецкія праекты, якія ўносяць дастойны ўклад у скарбніцу кнігавыдавецкай галіны. Многія з іх адзначаны ўзнагародамі, у тым ліку Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства абароны, Беларускай праваслаўнай царквы, Мінгарвыканкама, прадпрыемстваў, арганізацый, а таксама міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў «Мастацтва кнігі». Супрацоўнікі ўзнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік друку», граматамі, дыпломамі. Праз прызму прафесійнага вопыту і на прыкладзе выдавецтва «Чатыры чвэрці» магу ўпэўнена сцвярджаць: асобна ўзятае прадпрыемства ў нашай краіне здольна развівацца на поўную моц, прыносіць карысць народу, будаваць жыццё для наступных пакаленняў.
— Як лічыце, што змянілася ў выдавецкай дзейнасці за гэтыя трыццаць гадоў?
— Адбыліся вельмі значныя перамены. У снежні 2012 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе», які вызначаў асновы выдавецкай справы, напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў сферы выдавецкай дзейнасці. У 2023 годзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны новы Закон «Аб змяненні ў Закон аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь», які меў на мэце абарону нацыянальных інтарэсаў у сферы выдавецкай дзейнасці.
З’яўленне такіх дакументаў станоўча адбілася на рабоце выдавецкіх структур і галіны ў цэлым. Але хоць і праходзілі часы нядобрасумленных выдаўцоў, што шчыравалі ў так званыя ліхія 1990-я, і дэфіцыту патрэбнай кнігі ўжо было ў разы менш, чым раней, але ж прысутнічала патрэба ва ўдасканальванні прававога рэгулявання дзейнасці. Праводзілася дзяржаўная рэгістрацыя выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў, былі вызначаны крытэрыі, якімі вылучаюцца сацыяльна значныя выданні, што дапамагала камплектаванню фондаў бібліятэк патрэбнымі кнігамі.
На той час існавала праблема дэфіцыту прафесійных кадраў. Хто хоць аднойчы сутыкаўся з выдавецкай справай, ве¬дае, якая напружаная, нябачная іншым работа патрабуецца, каб выйшла кніга, годная, якасная. І ў яе стварэнні важнымі з’яўляюцца не толькі тэкст, напісаны творцам, яго натхненне, талент, але і самаадданая праца многіх кваліфікаваных, кампетэнтных рэдакцыйных спецыялістаў. Вопытныя рэдактары старой школы ўжо адышлі, таму новыя маладыя кадры былі патрэбны. Раней у Савецкім Саюзе спецыялістаў рыхтавалі ў Маскве і Львове. Цяпер пра іх сталі клапаціцца і ў Беларусі: ВНУ, каледжы пачалі выпускаць добрую падмогу для выдавецтваў і паліграфічных прадпрыемстваў, адкрываючы перспектывы развіцця.
Дарэчы, у наша выдавецтва сістэматычна звяртаюцца кіраўнікі навучальных устаноў з прапановамі прыняць на практыку студэнтаў з профільных спецыяльнасцей. Толькі за 2024 год мы прынялі больш за два дзясяткі навучэнцаў. Сталі ўжо традыцыяй тэарэтычныя заняткі ў выдавецтве на тэму «Кнігавыдавецкая справа» і выкананне практычных заданняў. Канешне, найлепшых запрашаем працаваць у нас, бо папяровай кнізе жыць вечна.
— Па вашым меркаванні, што важнага зроблена ў Беларусі для развіцця беларускай літаратуры і культуры наогул?
— У 2016–2020 гг. выконвалася праграма «Культура Беларусі», якая закранула ўсе ўстановы, арганізацыі, звязаныя з гэтай сферай дзейнасці: клубы, бібліятэкі, музеі, тэатры, цэнтры народнай творчасці і інш. Вынік праведзеных мерапрыемстваў — новыя дасягненні, новыя планы і, відавочна, крокі наперад. Створаны пры НАН Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры рыхтуе грунтоўныя навуковыя працы, асвятляе стан культуры, мовы і літаратуры, праводзіць міжнародныя канферэнцыі, семінары, дзе абмяркоўваюцца насамрэч праблемы сённяшняга часу, прапаноўваюцца ініцыятывы, скіраваныя на захаванне і папулярызацыю роднай мовы. Гэта дзейсная падмога для прафесіяналаў.
У аб’яднанні найлепшых літаратурных сіл, безумоўна, галоўная роля належыць Саюзу пісьменнікаў Беларусі. Творы актуальнай тэматыкі напаўняюць старонкі літаратурных часопісаў і газет.
Галоўная задача выдаўцоў — выбар таленавітых пісьменнікаў для асвятлення найбольш цікавых чытачу тэм, падзей, герояў, якія ў сваіх творах даходліва паказваюць здабыткі сённяшняга часу. Працуючы са сваімі аўтарамі, мы разам з імі заўсёды знаходзім выйсце з тых сітуацый, дзе ў кнізе нельга абысціся без паказу негатыўных з’яў жыцця, робім падказкі ўдумліваму чытачу для правільнага ўспрымання падзей.
Першы спажывец і партнёр у папулярызацыі кнігі — бібліятэкі краіны. Заўсёды яны былі флагманамі ў захаванні гістарычнай памяці і папулярызацыі ведаў, у тым ліку пра гераічны подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
— Наколькі няпроста папулярызаваць і рэалізоўваць папяровую кнігу цяпер? Што робіцца ў гэтым кірунку ў нашай краіне?
— Папулярызаваць і рэалізоўваць папяровую кнігу ніколі не было лёгка. Гэта асобны кірунак у дзейнасці любога выдавецтва. Нездарма ж створаны аддзелы маркетынгу. Яны розныя па колькасці супрацоўнікаў — у залежнасці ад магчымасцей арганізацыі. Туды падбіраюць адказных і сумленных людзей, якія добра ведаюць асартымент, аўтараў, могуць даць сваю характарыстыку кнігі спажыўцу. Але ж не толькі маркетынгавая служба займаецца такім важным пытаннем, гэта клопат і галоўнага рэдактара, і рэдактара, а па вялікім рахунку, усіх супрацоўнікаў, бо, як у прымаўцы, «адной рукой у далоні не запляскаеш». Плануецца на перспектыву цыкл мерапрыемстваў, накіраваных перш за ўсё на пошук цікавых тэм і аўтараў, а таксама даследаванне стану кніжнага гандлю, стасункі з бібліятэкамі. Такая праца мацуе фундамент, на якім потым будуецца прасоўванне новых выданняў.
У краіне штогод праводзяцца маштабныя мерапрыемствы, такія як, напрыклад, Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая будзе праходзіць у 2025-м ужо 32 раз. Арганізаваная заўсёды на высокім узроўні, яна дае шмат магчымасцей і выдаўцам, і кніжнаму гандлю, і звычайнаму прыхільніку чытання. Пачэсна прыняць у ёй непасрэдны ўдзел: прадставіць свае навінкі, зладзіць аўтограф-сесіі пісьменнікаў. На форуме выдавец можа знайсці новых аўтараў, у тым ліку і з іншых краін, пазнаёміцца з дасягненнямі калег, падзяліцца ўласным вопытам, паўдзельнічаўшы ў круглых сталах, семінарах.
Любую новую кнігу трэба папулярызаваць — прадстаўляць на розных пляцоўках краіны, выкарыстоўваючы сучасныя формы і метады прасоўвання. Асобная роля адводзіцца прэзентацыям кніг, сустрэчам з чытачамі ў бібліятэках, рэгулярнаму інфармаванню пра кнігі ў СМІ, на сайце, у інтэрнэт-магазіне. Тады і рэалізацыя ідзе паспяхова.
— Ад пісьменнікаў час патрабуе выказвацца публічна на актуальныя тэмы, але даць глыбокую ацэнку гісторыка-палітычных працэсаў, асэнсаваць падзеі сучаснасці творцам больш звыкла на паперы. Ці ёсць такая магчымасць, нейкая новая серыя кніг у вашым выдавецтве?
— Упэўнена магу адказаць, што пісьменнік, які здольны абгрунтаваць сваю грамадзянскую пазіцыю, даць ацэнку падзеям на сучасным этапе, можа выкарыстаць для гэтага любы жанр: верш, апавяданне, аповесць, раман. Гэта зрабіць даволі проста праз тэму, сюжэт, дыялогі і г. д. У вусны герояў твора ў простай і даступнай форме аўтар укладае тое, што хоча данесці да людзей. Такіх кніг у нас дастаткова. Гэтым патрабаванням адпавядаюць існуючыя серыі, што ўжо напрацавалі аўтарытэт і павагу, як, напрыклад: «Нашы духоўныя каштоўнасці», «Культурная спадчына Беларусі», «Дзеці вайны», «Малая радзіма», «Асоба і час», «Сучасная проза», «Бібліятэка лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі», «Мінскія маладыя галасы» і іншыя. Таму пра новую серыю яшчэ не задумваліся, але дзякуй «ЛіМу» за напамін і падказку.
— На сайце вашага выдавецтва змешчаны цытаты класікаў. Сярод іх — словы Янкі Брыля: «Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся — Слову». Асабіста для вас ствараць кнігу — святая справа?
— У 2021 годзе выйшла кніга «Ліліяна Анцух: „Не лічыць крокі свае...“» у серыі «Асоба і час» аб выдавецтве «Чатыры чвэрці». У ёй ёсць маленькі раздзел, прысвечаны і мне — асобе, пра якую ідзе гаворка. Ён мае назву «Можна працай назваць, а лепш — лёсам...». Гэта пра мяне. Кожны дзень дзякую Богу за прызначэнне — служыць Яе Вялікасці Кнізе. Імкнуся выканаць Яго волю. Веру, што менавіта Ён пасылае ў дапамогу разумных, таленавітых, працавітых, добрых — сапраўдных людзей.
Гутарыла Ірына ПРЫМАК
Фота Уладзіміра Паўлава
Газета “ЛіМ”: "Ліліяна Анцух: Трыццаць гадоў пад светачам духоўнасці"