Ключ да рамяства

Выданне «Уладзімір Слабодчыкаў: “Мая скульптура — мая душа…”», што з’явілася ў серыі «Асоба і час», — не проста біяграфія знакамітага беларускага скульптара. Гэта маштабная панарама творчага шляху майстра, чые работы сталі своеасаблівым мостам паміж мінулым і сучаснасцю. Тэкст мастацтвазнаўцы Барыса Крэпака ў літаратурнай апрацоўцы Ліліяны Анцух — мастацкі аповед пра выбітнага чалавека, чыё жыццё неаддзельнае ад яго творчасці. Мноства ілюстрацый, якія суправаджаюць яго, — фатаграфіі работ, эскізаў, момантаў творчага працэсу — узбагачаюць і візуальна дапаўняюць матэрыял. Да ўдалага афармлення кнігі трэба аднесці і яе вокладку, выкананую вядомым беларускім дызайнерам Русланам Найдзеным.

Кніга падзелена на тэматычныя главы, кожная з якіх раскрывае розныя грані асобы скульптара: педагога, эксперыментатара, філосафа, патрыёта. Летапіс жыцця і творчасці, які прадстаўлены напрыканцы выдання, дадае ў яго храналагічную стройнасць, бо кожная дата — яшчэ і веха ў гісторыі беларускай скульптуры. Некаторыя старонкі прысвечаны сям’і Уладзіміра Слабодчыкава, што таксама дапаўняе вобраз творчага чалавека.

Асаблівую каштоўнасць уяўляюць развагі самога Уладзіміра Іванавіча пра сутнасць мастацтва, пошукі формы і дыялог з гледачом. Яго разважанні — не проста дадатак да тэксту, а жывы голас творцы, перакананага ў тым, што «…мастаку неабходна злучыць непасрэднасць пачуцця з жывой думкай, сілу эмацыйнага ўздыму з сілай спасціжэння быцця. Толькі так і могуць узнікнуць творы, якія валодаюць нязменнай уладай над душамі людзей». Галоўная сіла кнігі — у шчырасці яе героя.

Барыс Крэпак па-майстэрску злучае аналіз работ з жыццём чалавека ў сваім часе. Чытач бачыць, як уражанні Уладзіміра Слабодчыкава з дзяцінства ў вёсцы Даўгінава трансфармуюцца ў пластычныя вобразы, як трагедыя Чарнобыля знаходзіць адлюстраванне ў шамоце, а памяць пра вайну — у бронзе. Ён паўстае як мастак, для якога скульптура — спосаб мець зносіны са светам.

Гэтая кніга — не толькі даніна павагі народнаму мастаку Беларусі, заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесару, уладальніку многіх прэстыжных прэмій, Майстру, яна — запрашэнне ў свет, дзе камень і метал ажываюць, несучы ў сабе боль, надзею і прыгажосць. Пасля яе прачытання многім захочацца ўбачыць работы Уладзіміра Слабодчыкава ўжывую і праехаць па роднай Беларусі: пастаяць ля мемарыяла «Звон-набат» на набярэжнай Бярэзіны ў Светлагорску, пабываць у гомельскім Палацы Румянцавых і Паскевічаў, упрыгожаным серыяй фігур «Вясна», «Лета», «Восень», «Зіма», пакланіцца Багародзіцы ў Лагойску, прайсціся па мінскіх вуліцах, каб сустрэцца з Валенціем Ваньковічам (помнік «Раніца мастака»), убачыць дэкаратыўную кампазіцыю «Футбалісты Дружбы», адну з унікальных скульптур — «Хлеб» і многія іншыя. А бываючы за мяжой — у Расіі, Кітаі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Турцыі і іншых краінах, таксама ўбачыць яго працы як напамін пра нашу Радзіму.

Выданне адрасавана шырокаму колу: ад мастацтвазнаўцаў да тых, хто толькі адкрывае для сябе свет сучаснай скульптуры. Для многіх чытачоў яны стануць ключом да разумення рамяства. Кніга рэкамендуецца тым, хто верыць, што мастацтва здольна мяняць прастору і людзей, а тым, хто яшчэ сумняваецца ў гэтым, — тым больш.

Жанна Клімянок, апубліквана ў «Літаратура і мастацтва», № 20 ад 30 мая 2025 г.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.