Знакавы штогадовы фестываль кнігі, які праводзіцца на высокім узроўні, не пакідае раўнадушным і збірае творчую інтэлігенцыю са шматлікіх краін, у гэтым годзе працаваў на розных пляцоўках горада Мінска. Спрычынілася да яго і выдавецтва «Чатыры чвэрці» – радавалі цікавымі прэзентацыямі і кніжнымі навінкамі гасцей выстаўкі.
Святочны настрой 6 лютага 2019 г. (цэнтральная пляцоўка «Нацыянальнага стэнда Беларусі») задала літаратурна-музычная праграма «Прычаснікі духоўнасці», прысвечаная Году малой радзімы і 25-годдзю выдавецтва «Чатыры чвэрці». Паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Максім Кішчанка і рэдактар выдавецтва Жанна Клімянок шчыра віталі прысутных, аўтараў, сяброў і калег, чыталі мілагучныя радкі з вершаў паэтаў на рускай і беларускай мовах.
З захапленнем госці слухалі песні ў выкананні вядомага кампазітара Канстанціна Цыбульскага, паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, і Анастасіі Васіленка, удзельніцы праекта радыё «Гармонь FM» (Расія). Радасна было і за выхаванцаў Вольгі Шалкоўскай, дырэктара грамадскага аб’яднання «Даун Сіндром» і даўняга сябра выдавецтва «Чатыры чвэрці», – тэатральны калектыў «Сонечныя дзеці» ўразіў сваёй шчырасцю і адкрытасцю, эмацыйным выступленнем, што сапраўды ўсхвалявала публіку і выклікала апладысменты залы. З вершам «Самовар» выступіла паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Паліканіна.
Дырэктар і рэдактар выдавецтва Ліліяна Анцух падвяла вынік мерапрыемству, падзякаваўшы выступоўцам і гледачам, больш падрабязна расказала пра знакавую падзею – 25-годдзе выдавецтва. На працягу тыдня ладзіліся цікавыя кніжныя прэзентацыі на пляцоўцы «Пісьменнік і час»: Валянціны Паліканінай «Признание в любви», Сяргея Клімковіча «А в полку том жили-были…», Валянціны Гіруць-Русакевіч «На нітцы часу», а таксама разам з выдавецтвам «Мастацкая літаратура» Навума Гальпяровіча «Час лістападу».
Важным мерапрыемствам стала і падвядзенне вынікаў LVIII Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»-2019, дзе была адзначана дзейнасць выдавецтва ў спецыяльных намінацыях: «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны» – узнагароджана дыпломам І ступені за выданне «Беларускія скарбы ЮНЕСКА» (серыя «Культурная спадчына Беларусі»), «Сцяжынкамі роднага краю» – дыпломам ІІ ступені за краязнаўчыя выданні «Лошніца», «Забашавічы» (серыя «Малая радзіма: Барысаўскі раён»).
У мітуслівым карагодзе пранеслася выстаўка-кірмаш, дзе паспела ўдыхнуць у сталіцу Беларусі духоўнага цяпла – Слова гучала на пляцоўках, запрашала да дыялогу і абмеркаванняў. Думкі, што хвалююць многіх сёння, засталіся занатаванымі ў кнігах і для наступных пакаленняў. Запрашаем пацікавіцца.
Фота: А. Дрыбаса, М. Ліпніцкай, А. Ткачэнка, С. Франко.
https://ont.by/news/laureatov-starejshego-nacionalnogo-konkursa-iskusstvo-knigi-chestvovali-v-minske