8 лютага 2016 г. мы адзначаем юбілейную дату — 150-годдзе з дня нараджэння аднаго з самых вядомых сцэнографаў, майстра станковага жывапісу і тэатральнай графікі, мастацкага афарміцеля знакамітых дзягілеўскіх тэатральна-мастацкіх праектаў Льва Бакста.
ЮНЕСКА як ключавая міжнародная арганізацыя, якая курыруе пытанні культуры, прыкладае нямала намаганняў для развіцця міжкультурнага дыялогу і распаўсюджвання ідэй універсальнасці мастацтва.
Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА надае вялікае значэнне беларускім культурным праектам і садзейнічае іх прасоўванню на міжнароднай арэне.
Па ініцыятыве Беларусі рашэннем 38-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА юбілей Льва Бакста ўнесены ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА, што пераканаўча сведчыць аб прызнанні творчасці мастака для ўсёй сусветнай супольнасці.
Леў Бакст стаіць у адным шэрагу з такімі знакамітымі мэтрамі як Шагал, Суцін, Цадкін, Кікоін, якія нарадзіліся і тварылі на беларускай зямлі. Гэтыя асобы з’яўляюцца свайго роду візітнай карткай Беларусі, спрыяюць пашырэнню межаў яе пазнавальнасці ў свеце.
Выстаўка «Час і творчасць Льва Бакста», несумненна, стане знакавай падзеяй не толькі для беларускіх аматараў мастацтва, але, я ўпэўнены, дадасць яшчэ адну цаглінку ў архітэктуру пазітыўнага ўспрымання Беларусі ў еўрапейскім і сусветным маштабе.
Карыстаючыся нагодай, ад імя Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА хачу выказаць асаблівую ўдзячнасць арганізатарам выстаўкі: ААТ «Белгазпрамбанку» і Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь за садзейнічанне ў папулярызацыі беларускага ўнёску ў развіццё сусветнай культуры.
Уладзімір Макей,
Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь,
Старшыня Нацыянальнай камісіі
Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА
Добавить комментарий