16 чэрвеня 2022 года выдавецтва «Чатыры чвэрці» разам з дырэктарам Выдавецкага дома «Дескрипта» Палінай Жарскай наведаў расійскі пісьменнік, беларус па паходжанні, Мікалай Чаркашын. Ён пазнаёміў з нядаўна выпушчанымі кнігамі і новымі творамі, прапанаваўшы для выдання аповесць «Переходный возраст».
У Год гістарычнай памяці мяркуем папоўніць серыю «Дзеці вайны» яго творам, які распавядае аб падзеях пасляваенных саракавых-пяцідзясятых гадоў у беларускіх гарадах Ваўкавыску, Слоніме, Смаргоні, Баранавічах. Жывы вобразны аповед пра жыццё гараджан і ваенных людзей, перасыпаны ўспамінамі дзяцінства аўтара, расквечаны ўрыўкамі з матчынага дзённіка, насычаны фрагментамі нядаўніх сустрэч і размоў з землякамі, напоўнены подыхам беларускай зямлі.
Мікалай Андрэевіч Чаркашын – журналіст і пісьменнік-марыніст, аўтар гістарычных расследаванняў, афіцэр-падводнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Расіі. Нарадзіўся ў 1946 годзе ў Ваўкавыску Гродзенскай вобласці.
Скончыў філасофскі факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а затым аспірантуру МДУ па спецыяльнасці «гісторыя рускай філасофіі». Служыў на Паўночным флоце на 4-й эскадры падводных лодак — самым буйным у свеце злучэнні падводных лодак. Удзельнічаў у далёкіх марскіх паходах у Атлантычным акіяне і Міжземным моры. Капітан 1-га рангу запасу. Празаічныя і публіцыстычныя творы не аднойчы публікаваў на старонках часопіса «Нёман», іншых беларускіх і расійскіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў.
Мікалай Чаркашын прысвяціў сваю творчасць гераічнай і драматычнай гісторыі Расійскага флоту. Трагедыю атамнай падводнай лодкі «Камсамолец» пісьменнік прыняў асабліва востра. Як былы падводнік, ён добра разумеў, што прыйшлося перажыць членам экіпажа. Аповесць «Полымя ў адсеках», якая распавядае аб катастрофе каля вострава Мядзведжы, аб гераічнай барацьбе экіпажа за жывучасць падводнага карабля, аб бедах і праблемах выратавальнай службы, — абавязак памяці пісьменніка перад маракамі-падводнікамі.
Аўтар больш 30 кніг, сцэнарыя мастацкага фільма «Крык дэльфіна» (1987), 10 дакументальных фільмаў, сярод якіх «Форс-мажор» (1990), «Ратуйце нашы душы» (1993), «Наталлін камень» (1996), «Раманс Калчака» (1997).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола (1982) — за кнігі «Соль на пагонах», «Лёс у зялёнай фуражцы» і публіцыстычныя творы пра савецкіх воінаў, Усесаюзнага літаратурнага конкурсу імя М. Астроўскага (1980), Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1985, 1988), міжнароднай літаратурнай прэміі «Залаты марскі корцік» (1987) і іншых. Узнагароджаны Міжнароднай прэміяй Андрэя Першазванага (1992) за сукупную літаратурную дзейнасць на карысць Расейскай дзяржавы.
Для інфармацыі. У пецярбургскім Выдавецкім доме «Дескрипта» ідзе праца па падрыхтоўцы і выпуску збору твораў аўтара. Ужо выйшлі сёмы том — раман «Бог не гуляе ў косткі», восьмы — «Берасцейскія вароты», дзевяты — «Лес прастрэляных касак». Гэта раман-трылогія, прысвечаны падзеям першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі. Мікалай Чаркашын надае шмат увагі рэальным падзеям і ўспамінам жывых сведкаў мінулых часоў, ён аб’ехаў розныя дарогі, мясціны баёў, да якіх спрычыніліся салдаты, афіцэры Чырвонай Арміі, што і асэнсоўвае ва ўласных мастацкіх творах.