Ліліяна АНЦУХ: “Адчуванне часу як метраном на абранай дарозе”

      Выдавецтва “Чатыры чвэрці” нарадзілася з ідэі выпускаць нотна-музычную літаратуру, а разраслося да такіх маштабаў, што сёння ў яго арсенале кнігі на самыя розныя тэмы. З’явіліся цікавыя серыі: “Нашы духоўныя каштоўнасці”, “Культурная спадчына Беларусі”, “Дзеці вайны”, “Асоба і час” і іншыя. Усе гады яго дзейнасці калектыў узначальвае адзін чалавек – Ліліяна Фёдараўна Анцух. Жанчына, якая сваёй верай, працавітасцю, інтуіцыяй здолела аб’яднаць аднадумцаў і ажыццявіць з імі шмат адметных праектаў. Сёлета выдавецтва святкуе сваё 30-годдзе, і напярэдадні гэтай даты мы сустрэліся з яго дырэктарам, каб распытаць пра знакавыя вехі, цану вопыту, наступныя крокі новага года, а для калектыву – пачатку новага дзесяцігоддзя.

      Культура, беларускасць – прыярытэт нашых інтарэсаў

      – Ліліяна Фёдараўна, па мерках чалавечага ўзросту 30 гадоў – гэта сур’ёзны перыяд, калі можна казаць пра прамежкавыя поспехі. А калі тое пераносіць на выдавецтва, то якім быў гэты час і які вопыт даў вам?
      – Кожны чалавек, нават не маючы такога дзіцяці, з гадамі перажывае шмат чаго. Тое, што выпала на мой лёс, можна аналізаваць як гады станаўлення звычайнага чалавека. Але ж усё пачыналася ў 90-я гады, якія сёння атрымалі найменне “ліхія”. І калі я ў той час пайшла з дзяржаўнай сістэмы па гэтай новай для сябе дарозе, то не ўяўляла, ці правільна раблю і што з гэтага можа атрымацца. Адзінае, ведала: давяраючы ўнутраным патрабаванням, іду за сваёй марай, бо было жаданне ствараць і рабіць тое, што не толькі табе самой, а і людзям неабходна. Калі мы гаворым пра выдавецтва, то нарадзілася яно ў нетрах Беларускага фонда дапамогі развіццю культуры. Фонд стварылі бізнесмены з тых, якія разумелі, што развіццё культуры немагчымае без дапамогі. Паколькі я там займала не радавую пасаду, то не магла не заўважыць, што сярод людзей, якія цягнуліся да фонду, было шмат таленавітых творцаў: народных умельцаў, мастакоў, музыкантаў, спевакоў. Маё прафесійнае жыццё заўсёды было звязана з кнігай і я разумела, што ў выданні нотна-музычнай літаратуры на той час былі белыя плямы. Тады і загарэлася ідэяй стварэння самастойнай выдавецкай структуры, скіраванай на музыку. Спіс з назваў будучага выдавецтва склаўся вялікі. Спынілася з калегамі на назве “Чатыры чвэрці”. І сёння шмат хто кажа, што за тры дзесяцігоддзі яна ўжо гучыць як беларускі брэнд.
      Так нарадзілася выдавецтва “Чатыры чвэрці”, і вельмі хутка з’явіліся свае аўтары. Але амаль з першых крокаў існавання яго стала зразумела, што нотна-музычныя выданні (хоць іх і не хапала) не маюць усё ж такога попыту, каб даваць фінансавы прыбытак для развіцця дзейнасці арганізацыі. Далучыліся да нас, пашыраючы кола аўтараў, пісьменнікі, перакладчыкі, дызайнеры. І мы пайшлі больш шырокай дарогай.

      – Адметным крокам на шляху станаўлення выдавецтва стала праца над серыяй “Нашы духоўныя каштоўнасці”…
      – Галоўная веха, якую я помню, заўсёды адзначаю і з гэтым іду па жыцці, – была лёсавызначальная сустрэча з самым дарагім чалавекам і на той час, і да сёння – мітрапалітам Філарэтам. Ён шчыра адгукнуўся на ідэю стварэння цыкла выданняў, якія б тлумачылі звычайнаму чалавеку праваслаўныя ісціны, тыя знакавыя моманты з гісторыі праваслаўя, якія існавалі адвечна, і іх трэба было ведаць кожнаму. Не сакрэт, што атэістычным выхаваннем мэтанакіравана адвучылі людзей заўважаць прысутнасць Бога ў іх жыцці. Нам хацелася ўдзельнічаць у вяртанні духоўнасці, што нараджалася ў краіне. Уладыка ўключыўся ў рэалізацыю такіх планаў і нават сам непасрэдна дапамагаў, бо грунтоўнага фундаменту для працы не было – мы мала разбіраліся ў царкоўнай гісторыі, былі ў гэтым сэнсе дзецьмі свайго часу. Нарадзілася серыя кніг, якая стала ўжо потым знакамітай, – “Нашы духоўныя каштоўнасці”. У ёй мы прайшлі шлях ад папулярызацыі агульных ведаў да канкрэтных тэм: іконы, храмы, манастыры, святыя зямлі Беларускай. Можна сказаць, што такім чынам і само выдавецтва было бласлаўлёнае і будуе сваю дзейнасць ужо на працягу трох дзесяцігоддзяў.
      Цяпер, калі ідзе кніга навукова-папулярная, яна заўсёды рэдагуецца пад знакам нашага ўспрымання сучаснасці і гісторыі. Калі выдаецца мастацкі твор, то мы надаем асаблівую ўвагу таму, каб не было ў ім непатрэбнага, разбуральнага зместу. З цягам часу выйшлі на стварэнне арыгінальных кніг-альбомаў з навукова-папулярнымі тэкстамі з прыцягненнем вядомых навукоўцаў, што давала магчымасць максімальна дакладна распавесці чытачу пра нацыянальную і духоўную культуру. Дарэчы, беларускасць – у прыярытэце нашай выдавецкай палітыкі была, ёсць і будзе.

      – Чым і як жыве выдавецтва сёння?
      – У нашым багажы шмат творчых праектаў. І некаторыя з іх не прыпыняюць рух. Таму запрашаем да супрацоўніцтва дасведчаных аўтараў, таленавітых мастакоў, народных майстроў. Творчы калектыў у нас невялікі, працуюць у большасці маладыя спецыялісты, якія былі прыняты на конкурснай аснове. І сёння нам падуладна любая тэма. Працуем адказна, бо людзі давяраюць нам самае дарагое, выпакутаванае. Да рэдакцыйнай працы над кнігай падыходзім да з добрым сэрцам і чыстым сумленнем, імкнучыся не парушыць аўтарскі тэкст, захаваць яго ідэі. Вядома, бывае, можам і пакрыўдзіць некага сваімі заўвагамі, але такое здараецца незнарок і толькі ў імя агульнага поспеху. Любоў да людзей – тое, што рухае ўсімі.
      Сёння выдавецтва ажыццяўляе поўны цыкл рэдакцыйна-выдавецкіх паслуг па асноўных кірунках: рэдакцыйна-выдавецкая падрыхтоўка, паліграфічная выкананне, прасоўванне і рэалізацыя выдадзеных кніг. На ўласным сучасным абсталяванні вырабляем шырокі спектр паліграфічнай прадукцыі любой складанасці, забяспечваем высокую якасць з улікам самых вытанчаных пажаданняў аўтараў і заказчыкаў. Пра падрабязнасці можна даведацца з інфармацыі на нашым сайце https://www.4-4.by/ Усё гэта выдавецтву дае магчымасць заставацца карысным, цікавым, запатрабаваным у краіне.
      Мы выдаём шмат найменняў кніг і нямала намаганняў прыкладаем да іх распаўсюджвання: знаходзім час, ездзім з прэзентацыямі да чытачоў па ўсёй краіне, удзельнічаем у розных выстаўках, дзе папулярызуем лепшыя ўзоры. Ужо некалькі гадоў вырабляем і электронныя нашых аўтараў. У пакупнікоў ёсць магчымасць набываць усе навінкі праз інтэрнэт-краму выдавецтва. Працэс распаўсюджвання кніг удасканальваецца, але яшчэ застаюцца тыя праблемы, якія ствараюцца рэаліямі сённяшняга дня. Да слова, у выдавецкай справе ніколі нікому лёгка не было.

      Умець радавацца чужому поспеху

      – А чаго каштуе ў вашай сферы працаваць найперш у імя яе Вялікасці Кнігі, а не дзеля атрымання вялікага прыбытку?
      – За гады існавання ў наша выдавецтва прыходзілі з рознымі прапановамі. Абраўшы іншую сцяжыну, можна было заняцца і тым, што называецца бізнесам. Аднак пайшлі сваім шляхам. Было няпроста: калі на працы на цябе адразу навальваецца шмат усяго, плюс сямейныя праблемы – такі клубок, што выратоўваў толькі ўнутраны стрыжань веры. Але не дапускала і думкі, каб спыніцца ці сысці ўбок. Сёння бывае так, што загадзя відаць: кніга таго ці іншага аўтара не прынясе прыбытку. Але ж яна выконвае сацыяльна значную ролю. І прыбытак яе вымяраецца не грашыма. У гэтым выпадку я заўсёды ўпарта адстойваю свой пункт гледжання. І далейшы вынік толькі пацвярджае, што ўсё зроблена правільна. Нерэнтабельная кніга не самага выбітнога аўтара едзе на яго радзіму, дзе праходзіць яе прэзентацыя, і ты бачыш вочы яго землякоў і яго самога, то твае пачуцці ні з чым не параўнаць. Здараецца, што для некаторых гэта апошняя кніга ў жыцці. І шчасце ведаць, што аўтар паспеў яе ўбачыць. Пра які прыбытак можна думаць? Гэта робіцца толькі па закліку душы. Як прыклад, праца над кнігамі, якія выходзяць у серыі «Малая радзіма. Барысаўскі раён», што нарадзілася ў нас у Год малой радзімы. Чатыры мястэчкі ў яе ўжо трапілі: «Землякі», «Лошніца», «Забашавічы», «Мядоцкая “Берагіня” ў прасторы і часе». Потым захапілася ідэяй Алена Стэльмах з Дзяржынскага раёна – выйшла яе кніга пра Навасады. Ёсць і іншыя прапановы. Завяршаецца праца над новай кнігай «Зембін», прымеркаванай да Года міру і стваральнай працы. Як яе аўтар я некалькі разоў была ў гэтым мястэчку, знаёмая з многімі мясцовымі жыхарамі і ведаю, як чакаюць яны выхад гэтай кнігі. У стварэнні выдання мне дапамагалі краязнаўцы, гісторыкі, простыя людзі. Гэта вельмі карпатлівая работа, у якую ўкладаеш шмат часу і сіл, але яшчэ больш ты ўзбагачаеш сябе – тое, што нельга ацаніць.

      – Ці правільна я тады разумею, што такія паняцці як канкурэнцыя, кан’юктура выдавецкага рынку – вас не надта турбуюць?
      – Я лічу, што мы не маем канкурэнтаў, бо ў кожнага з выдаўцоў свая дарога. Паважаю калег па кнігавыдавецкай справе. Калі бачу добрую кніжку, якая ў іх выйшла, ці на выставе трапляю на прэзентацыю, то ніколі міма не прайду і заўсёды парадуюся поспеху.
      Дарэчы, дагэтуль у некаторых пануе ўражанне, што ў недзяржаўным выдавецтве выдаць кніжку можна толькі за ўласныя грошы. Але ж буду пярэчыць: мы, напрыклад, выдаём кнігі за свае заробленыя грошы. Выключэннем можа быць толькі аўтар, што прыходзіць з асабістай просьбай “хацеў бы выдаць для сваёй сям’і занатаваныя ўспаміны” альбо нешта іншае. І нават у гэтым выпадку пры знаёмстве з яго тэкстамі, убачыўшы там слушныя думкі, за якія можна “зачапіцца”, бяром на сябе затраты на кнігу. А вяртаючыся да размовы пра калег, скажу, што, напрыклад, у часопісе “Нёман”, які я чытаю ўважліва або з задавальненнем праглядаю, часта знаходжу тых, каго потым запрашаем выдавацца. І колькі слоў пра серыю “Дзеці вайны”. З 2010 года ўжо пабачылі свет амаль 40 кніг сучасных аўтараў. Але для тых, каму ёсць што расказаць па гэтай тэме, дзверы будуць адчынены заўсёды. Згадаю яшчэ пра адзін новы праект у нашай дзейнасці – у 2023 годзе мы пачалі знаёміць беларускага чытача з творамі сучасных выбітных расійскіх пісьменнікаў. Яднанне нашых дзвюх краін непарыўнае, а ў цяперашнія часы яно яшчэ больш мацнее. Таму і ў культурным асяроддзі трэба падтрымліваць сувязі, каб быць разам. Ёсць думка – некаторых рускамоўных аўтараў у далейшым перакласці на беларускую мову. Галоўным жа нашым клопатам застаецца пільная ўвага да творчасці айчынных пісьменнікаў. Не выключана, што сучасныя таленавітыя творцы калісьці ўвойдуць у залаты фонд краіны.
      Што да кан’юктуры выдавецкага рынку, то пытанні рэалізацыі кніжнай прадукцыі і атрыманне прыбытку, зразумела, не могуць заставацца ўбаку. Яны вельмі важныя. Таму пры планаванні праводзім вялікую работу, абавязкова ўлічваем тыя моманты, якія вызначаюць камерцыйны вынік нашай дзейнасці.

      Кадры лепш расціць самім

      – Наколькі сёння маладыя аўтары зацікаўлены ў тым, каб выдаць свае творы менавіта ў папяровай кнізе? Улічваючы, што ёсць той жа інтэрнэт, альбо мы ведаем прыклады, калі паэты ездзяць з канцэртамі, дзе нажыва дэкламуюць свае вершы…
      – Гэта цудоўныя прыклады, тым больш, што на такіх імпрэзах аўтары знаёмяць прысутных слухачоў са сваёй творчасцю і праводзяць аўтограф-сесіі. Наогул хачу заўважыць, што чалавек, які ўжо мае ўласную кнігу, гэта ўжо зусім іншы чалавек, гэта асоба, якая і сама сябе больш паважае, і асяроддзем успрымаецца па-іншаму. Такія аўтары – малайцы. З паэзіяй усё больш-менш удала атрымліваецца: аўтара можна запрасіць на пэўнае тэматычнае мерапрыемства, дзе вершы гучаць у яго аўтарскім выкананні ці пакладзеныя на музыку. Відовішчнасць – такі атрыбут, якога не варта цурацца. Крыху прасцей з прозай, у яе больш прыхільнікаў. Выдацца ўсе мараць. Кіраўнік Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, з якім мы пачыналі выпускаць серыю “Маладыя галасы” – сапраўдны патрыёт маладых талентаў. Мы лічым, што падтрымка моладзі – справа патрэбная і вельмі важная, самі вышукваем новыя імёны, напрыклад, праз часопіс “Маладосць”, газету “ЛіМ”. Нярэдка прадстаўляем магчымасць выдацца і данесці сваю кнігу да аўдыторыі.

      – Ці з’явяцца новыя выданні ў серыі “Дзеці вайны”, да прыкладу, напярэдадні святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі?
      – Абавязкова ў ёй з’явяцца новыя летапісныя старонкі. 2024 год сустракаем толькі што выпушчанай у свет кнігай Паўла Гушынца, Барыса Дзенісюка “Звезда над сердцем” на вельмі балючую тэму пра гета на Барысаўшчыне і іншых месцах Беларусі, дзе загінула вялікая колькасць людзей. А ўвогуле мы традыцыйна да Дня Перамогі і Дня Незалежнасці Беларусі рыхтуем і прэзентуем новыя кнігі серыі.

      – А кнігі нотна-музычнай тэматыкі вялікую долю маюць зараз у вашай працы?
      – Цяпер вельмі сціплую долю. Бо што тычыцца непасрэдна нотна-музычнай літаратуры, то мы вымушаны адмаўляць аўтарам і самадзейным кампазітарам. Раім ім звяртацца ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, дзе такія выданні рыхтуюць прафесіяналы. Супрацоўнічаем больш шчыльна з Беларускім саюзам музычных дзеячаў, які ініцыіруе патрэбнае выданне. Так, напрыклад, была перакладзена з сербскай мовы і выдадзена грунтоўная кніга Браніслава Яціча “Шаляпин против Эйфелевой башни”.

      – Раскажыце, як адбіраеце супрацоўнікаў, знаходзіце аднадумцаў у калектыў?
      – Раней было няпроста. Са з’яўленнем вопыту і магчымасці выбіраць стала лягчэй знаходзіць патрэбных спецыялістаў: пры наяўнасці вакансіі звяртаемся ў навучальныя ўстановы, размаўляем з кіраўніцтвам факультэтаў напярэдадні размеркавання навучэнцаў. Гэта дае магчымасць пазнаёміцца з кандыдатамі. І я сёння ўпэўнена, што лепш расціць самім кадры. Вопыт супрацоўніцтва з рознымі спецыялістамі ў нас ёсць. Часам чалавек па прафесіі можа быць рэдактарам, але гэта не гарантыя, што ён нам падыдзе. Вельмі важна падбіраць людзей пад свае прынцыповыя патрабаванні, у тым ліку і чалавечыя якасці. Мяне вельмі насцярожвае, калі чалавек у першую хвіліну адразу пытаецца пра заробак, калі яшчэ невядома, чаго ён варты. Асабіста для мяне гэта ўжо своеасаблівы стоп-сігнал. Цяпер мы яшчэ і тэсціруем перад тым, як запрашаць на працу, нават выдаленую. Гадаваць моладзь самім – гэта хоць і няўдзячная на першым этапе праца, але насамрэч вельмі патрэбная справа. Нават калі чалавек сыдзе з выдавецтва, то ён пойдзе ў прафесію далей з тым, што ты паспеў у яго ўкласці. А гэта, канешне, у радасць. Ёсць у мяне і некаторыя вельмі суб’ектыўныя ўласныя перавагі, але гэта ўжо на ўзроўні інтуіцыі. Калектыў у нас невялікі, таму “клімат у хаце” павінен спрыяць поспеху. Нават калі-нікалі “жалеза” ў голасе ўключаеш, то ўпэўнена, калегі адчуваюць, што гэта паверхневая рэакцыя, якая толькі працы і тычыцца.

      – Якімі праектамі будзеце адзначаць 30-годдзе выдавецтва?
      – Праектаў шмат, і новых, і тых, якія мы будзем працягваць. Калі ў агульных рысах, то ў нашых планах застаюцца асноўныя вехі: праца над праектам па народнай культуры, духоўна-асветніцкай кнігай-альбомам, таксама будзем актыўна папаўняць нашы папулярныя серыі, да іх далучаюцца новыя, як напрыклад: цыкл поўнакаляровых кніг для дзіцячай аўдыторыі і серыя “Мужчынская размова” (“Мужской разговор”) – для дарослых.
      Раіліся, ці будзем мы рыхтаваць на сваё 30-годдзе такую творча-справаздачную вечарыну, якая была ў нас раней, на 20-годдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы. Дагэтуль многія ўспамінаюць, якое прыгожае дзейства было, як шмат прысутнічала высокіх гасцей і як ушанаваны былі супрацоўнікі пачэснымі ўзнагародамі. Ці як 25-годдзе святкавалі ў Музеі гісторыі горада, дзе таксама прайшла цікавая сустрэча, з віншаваннямі і шматлікімі ўзнагародамі. Зараз плануем арганізаваць інакш. Супрацоўнікі прапанавалі ідэі, на мэце якіх больш распавесці пра выдавецтва, нашы планы ў сродках масавай інфармацыі, на радыё, каб было зразумела, што мы заўсёды адкрытыя да дыялогаў, чакаем патрэбных і актуальных у сённяшні час прапаноў. Шэраг запланаваных мерапрыемстваў ужо пачалі здзяйсняць, як напрыклад, стварэнне мерча “Чатыры чвэрці”. На працягу наступнага 2024 года будзем працаваць пад сцягам 30-гадовага юбілею.

Алена ДРАПКО.
Фота з архіва выдавецтва “Чатыры чвэрці”

Газета “Звязда”: "Ліліяна Анцух: Адчуванне часу як метраном на абранай дарозе"

 

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.