Дзякуючы гэтай надзвычай цікавай тэме запрашаем далучыцца да святкавання Сусветнага дня хлеба разам з кнігай-альбомам «Вандроўка да хлеба» (на беларускай, рускай і англійскай мовах) — сёмым выпускам серыі «Культурная спадчына Беларусі», што выходзіць пры фінансавай падтрымцы Банка развіцця Рэспублікі Беларусь. Гэта своеасаблівы навігатар для хлебнага тура па Беларусі. Чытач упершыню атрымлівае выдатную магчымасць не толькі пазнаёміцца з гісторыяй хлебапякарства краіны, але і прасачыць шлях ад зерня, кінутага ў зямлю, да духмянай буханкі, які знайшоў адбітак у павер’ях, звычаях, святах беларусаў. Перагортваючы старонкі багата ілюстраванага выдання, можна зазірнуць у мноства цікавых месцаў — сучасныя музеі хлеба, пякарні, хлебазаводы, а яшчэ завітаць у госці да хлебапёкаў — носьбітаў і пераемнікаў старажытных традыцый. Прадстаўленыя рэцэпты дапамогуць тым, хто мае жаданне выпякаць хлеб у хатніх умовах для сваёй сям’і.
Традыцыя хлебапякарства як адна з нематэрыяльных праяў творчасці чалавека ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На сёння ў яго ўвайшлі: тэхналогія і традыцыі выпякання хатняга хлеба в. Жораўка, Кузьмічы Любанскага раёна Мінскай вобласці; традыцыйная тэхналогія выпечкі жытняга хлеба ў в. Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці; вясельная каравайная традыцыя в. Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці; традыцыя выпякання грачанага хлеба Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці; комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне; традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне (каляндарна-абрадавае печыва).
«Хлебная» мелодыя кнігі напісана пры ўдзеле кампетэнтных спецыялістаў: навукоўцаў, носьбітаў і пераемнікаў традыцый, супрацоўнікаў устаноў культуры, прадпрыемстваў. Яна аздоблена здымкамі таленавітых фатографаў розных гадоў, у тым ліку і архіўнымі.
Усім добрага шляху па старонках кнігі-альбома «Вандроўка да хлеба». Са святам!