Трэба было вучыцца

Трэба было вучыцца

Новая кніга Сяргея Трахімёнка, несумненна, прывабіць увагу чытача і ў кнігарні, і ў бібліятэцы. У першую чаргу дзякуючы форме, у якую «ўпакавана» рознабаковая інфармацыя. Сяргей Аляксандравіч — майстар дэтэктыва. Менавіта да гэтага жанру адносіцца і раман «Геном Ньютана», што пабачыў свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці».

Яго сюжэт развіваецца з выключнай хуткасцю, якая не дае чытачу часу адкласці кнігу ўбок. І нават калі чытач — жанчына, яна проста перагорне некалькі старонак з бясконцымі мужчынскімі дыялогамі (ведаем-ведаем, вы самыя разумныя на свеце), каб урэшце атрымаць адказ, — і не столькі хто ж насамрэч забойца, а ў чым была памылка колішняга бандыта, які вырашыў за грошы кардынальна змяніць лёс сваіх сыноў.

«Геном Ньютана» пабудаваны па класічнай схеме. Невядомыя выкралі сябра следчага Арсена Вартава. Сярод белага дня хітрасцю ўвайшлі ў кватэру, накінулі мяшок на галаву і некуды звезлі ў багажніку машыны. Пралічыліся ў адным: у дальнім пакоі засталася каханка Уладзіка Марозава, якая і паведаміла пра падзею сябру. Зразумела, што чакаць тры дні, як гэта звычайна робіцца, Вартаў не стаў.

Неўзабаве такім жа чынам знік і яшчэ адзін чалавек. Чаму ахвярамі сталі гэтым разам не бізнесмены, крымінальныя аўтарытэты? Каму і дзеля чаго спатрэбілася такім чынам выхапіць з паўсядзённага жыцця маладога фізіка і не вельмі маладога гісторыка, які шмат гадоў быў актыўным лектарам таварыства «Веды»?

Усё на свеце мае сувязь, але пакуль яна стане відавочнай, чытачу давядзецца пільна сачыць за мазаікай такіх розных па часе падзей, што маюць лёсавырашальнае значэнне для галоўных герояў «Генома…». Да гісторыі раскрыцця забойства аўтар дадае трошкі любоўнай інтрыгі, жаночых сутычак, анекдотаў — сумна не будзе. А перагарнуўшы апошнюю старонку, чытач уздыхне: «Трэба было бандыту Шчокіну лепей вучыцца ў школе…»

Анастасія СЯМЁНАВА

ЛiМ №14 (4763) от 4 красавiка 2014 г.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.