“Табой, мой горад, ганаруся…”

19 верасня выдавецтва “Чатыры чвэрці” прэзентавала ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Я. Купалы зборнік “Мінск — горад майго лёсу”. У яго ўвайшлі творы пераможцаў конкурсу, абвешчанага выдавецтвам “Чатыры чвэрці” і прысвечаныя 950-годдзю горада. Ацэньвала творы кампетэнтнае журы — прафесійныя літаратары, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Імпрэза распачалася пад музычнае суправаджэнне лаўрэата міжнародных конкурсаў Аляксандра Данілава.

Ліліяна Анцух: “Выдавецтва імкліва набліжаецца да свайго 25-годдзя. Гэта адна чвэрць стагоддзя прафесійнага шляху! Сёлета мы адзначаем важныя даты. Гэта і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і 950-годдзе г. Мінска. Да іх выдавецтва падрыхтавалася адказна: напярэдадні Дня горада свет пабачыла грунтоўнае выданне — “Мінск скрозь стагоддзі” і зборнік “Мінск — горад майго лёсу”.
“Мінск скрозь стагоддзі” расказвае нам пра знакавыя вехі ў гісторыі і сучаснасці горада, дае магчымасць уявіць, якім насычаным падзеямі заўсёды было яго жыццё. Панарама гісторыка-культурнай спадчыны, маляўнічых краявідаў Мінска, фрагменты з будняў мінчан і маштабныя з'явы ў палітры грамадскага, культурнага, сацыяльна-эканамічнага развіцця, спорт і турызм дапаўняе аповед. Прыцягваюць увагу і рэдкія фатаграфіі, дакументы, карціны вядомых беларускіх мастакоў, чыя творчасць працята любоўю да роднага Мінску.

Назва зборніка “Мінск — горад майго лёсу” была абрана невыпадкова: для многіх горад стаў родным. Пасля Вялікай Айчыннай вайны адноўлены Мінск сустракаў усё больш гасцей і адкрываўся з іншага боку яго жыхарам.

Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, павіншаваўшы аўтараў зборніка і выдавецтва, спынілася на ўспамінах, якія яднаюць яе, як і многіх іншых, з Мінскам.

Прыемна, што некаторыя з твораў пакладзены на музыку. У зале прагучалі песні на вершы Івана Юркіна, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, “Прыязджайце да нас у Беларусь” і “Край калины красной» у выкананні Алега Елісеенкава, беларускага кампазітара і спевака. Песню “Мінск — сталіца Айчыны маёй” на верш Наталлі Краевай і Міколы Шабовіча выканала Паліна Данская, уладальніца Гран-пры фестывалю патрыятычнай песні г. Мінска.

“Слова маладым” — такі быў абраны дэвіз сустрэчы Ліліянай Анцух. Аздобілі імпрэзу чытаннем твораў: Максім Кішчанка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Глеб Ганчароў, аўтар публікацый у перыядычным друку, і Міхаіл Макрацоў, аўтар калектыўных зборнікаў.
Святлана Быкава, паэтэса, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, падзялілася з прысутнымі сваёй гісторыяй стварэння твораў, прысвечаных Мінску, і прадэкламавала некаторыя з іх.

Увагай не абышлі на гэтай сустрэчы і навучэнцаў Мінскага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава (Дар’ю Базараву і Настассю Рыжову) і Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа (Аляксандра Слізунова, Уладу Ларкову, Барыса Міхалёва, Бажэну Шамко). Ім уручылі аўтарскія экзэмпляры. Малюнкі гэтых навучэнцаў аздобілі зборнік.

Сустрэча атрымалася вельмі душэўнай і цёплай. Дарэчы, усе выступоўцы атрымалі ад выдавецтва шыкоўны падарунак — кнігу-альбом “Сімфонія стагоддзяў”, створаную напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў межах серыі “Культурная спадчына Беларусі”. У ёй апавядаецца пра старажытную Полацкую зямлю — радзіму нашага першадрукара Францыска Скарыны, і больш чым тысячагадовую гісторыю Прыдзвіння, якое прадставіла свету вялікіх асветнікаў Святую Еўфрасінню, Сімяона Полацкага і іншых выбітных асоб.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.