Паэтычныя КаРункі

      10 мая у Фундаментальнай бібліятэцы БДУ прайшла прэзентацыя кнігі Кацярыны Роўда “Паэтычныя КаРункі”, якая выйшла ў выдавецтве "Чатыры чвэрці".

      Свой дзень народзін маладая паэтка Кацярына Роўда адзначыла самым найлепшым чынам – паказала свету сваё новае літаратурнае дзіця – паэтычны зборнік з рамантычнаю назваю “Паэтычныя КаРункі”. Бліскучая вокладка бэзавага колеру, як сама вясна, стала ў гэты дзень галоўнай гераіняю імпрэзы, якая прайшла ў напоўненай зале бібліятэкі юрыдычнага факультэта БДУ. І не выпадкова. Менавіта ў гэтай чытальнай зале тры гады назад сабраліся прыхільнікі паэзіі Кацярыны Роўда на прэзентацыю яе першага літаратурнага зборніка “Водар белага наліву”. Першынец разышоўся так хутка, што не ўсе, хто жадалі, паспелі яго набыць.

      За гэты час Кацярына атрымала вышэйшую філалагічную адукацыю, яе прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, яна стала лаўрэатам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, лаўрэатам прэміі МГА СПБ «Адкрыццё года», намiнанткай на нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі ў намiнацыi «Лепшы дэбют”. Вершы, якія ўвайшлі ў новую кнігу, таксама пасталелі, набылі глыбіню і літаратурнае майстэрства.

      Новы зборнік пісьменніцы з рамантычнаю назваю “Паэтычныя КаРункі” выйшаў значна большым тыражом. Натуральна, што аўтар хвалюецца за яго лёс. А тым часам шчырыя, пранікнёныя і таленавітыя вершы маладой паэткі знайходзяць водгукі ў сэрцах чытачоў. І ўжо сёння мы з радасцю назіраем, як разлятаюцца “Паэтычныя КаРункі” - бы пялёсткі дзьмухаўца, якія ператварыліся ў пухнатыя парасоны.

       Кніга складаецца з двух раздзелаў: “Чорным па белым” – вершы на беларускай мове і “Касаясь краешка луны” – на рускай. На дзвух мовах піша Кацярына Роўда пра любую Радзіму, пра каханне, звяртаецца да родных і блізкіх, разважае над зігзагамі лёсу і духоўным станам чалавека.

      Аўтар зборніка сама вяла паэтычную імпрэзу, перадаючы слова сваім сябрам і паплечнікам. Сярод першых выступоўцаў быў галоўны рэдактар серыі “Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменніеаў Беларусі”, у якой і друкавалася кніга Кацярыны Роўда, ён жа рэдактар зборніка пісьменнік Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў. Менавіта ён дапамагаў Кацярыне з самага пачатку яе літаратурнай творчасці. Заслужаны пісьменнік зазначыў сур’ёзны творчы рост Кацярыны, нават паставіў яе ў адзін ланцужок з Цёткай (А.Пашкевіч), Еўдакіяй Лось і Яўгеніяй Янішчыц. Калега па працы і адзін з карэктараў (а іх у Кацярыны аж тры!) зборніка Марына Янаўна Курэйчык выказала сваё захапленне "Паэтычнымі КаРункамі" і шчыра пажадала аўтару кнігі стаць мнагадзетнай паэтычнай маці.

      Намеснік старшыні Асацыяцыі аховы інтэлектуальнай уласнасці “БелБрэнд” Валянціна Іванаўна Дыніч аб’явіла, што вершы Кацярыны Роўда будуць гучаць у гэтым годзе на Міжнародным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. Яна таксама адзначыла высокія асабістыя якасці Кацярыны і выказала сваю гатоўнасць да пастаяннага супрацоўніцтва з такім адказным, сумленным чалавекам і таленавітым аўтарам.

      Гэту ж думку выказаў і Уладзімір Генадзевіч Кулажанка, дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, дзе, дарэчы, працуе Кацярына Роўда і з’яўляецца кіраўніком ужо добра вядомага ва ўніверсітэце і за яго межамі студэнцкага клуба аматараў мастацкага слова “КЛУмБа”. Клуб актыўна дзейнічае пры універсітэцкай бібліятэцы на працягу пяці гадоў, і многія яго ўдзельнікі таксама ўжо маюць свае літаратурныя зборнікі, друкуюцца ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях, з’яўляюцца пераможцамі універсітэцкіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

      У гэты дзень, як і звычайна, клумбаўцы актыўна падтрымалі свайго кіраўніка: артыстычна дэкламавалі паэтычныя радкі імянінніцы, спявалі песні на яе вершы, чыталі свае пераклады беларускамоўных вершаў паэткі на рускую мову. А тыя, хто не змог аказацца ў дзень прэзентацыі на азначаным месцы, даслалі свае шчырыя віншаванні ў электронным выглядзе. Сябры і калегі зычылі імянінніцы моцнага здароў’я, творчага натхнення і плённай працы, а зборніку “Паэтычныя КаРункі” – знайсці дастойнае месца сярод лепшых літаратурных выданняў Беларусі.

Я стварыла галактыку ста вершаваных планет,

Што не больш чым пылінка сярод паэтычнага космасу.

Праглыне, або прыме мяне гэты творчы сусвет –

Справа веры маёй, працаздольнасці, шчырасці, хронасу…

 

І.С. ШКІРОНАК, вядучы бібліятэкар ФБ БДУ, куратар клуба аматараў мастацкага слова “КЛУмБа”

Фота Ганны Міхнюк

Навіна на сайце ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі"

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.