«Касмічны» скульптар

Спецыяльна да Дня касманаўтыкі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа сумесна з Музеем гісторыі горада Мінска адкрылася выстаўка работ народнага мастака Беларусі Івана Міско «Зорнае неба».

Творчасць беларускага скульптара добра вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Яго часта называюць «касмічным» скульптарам: тэма космасу — адна з галоўных у творчасці І. Міско. Ён — аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў ці не ўсіх касманаўтаў былога Савецкага Саюза, у тым ліку беларусаў Уладзіміра Кавалёнка і Пятра Клімука.

Падчас адкрыцця выстаўкі знакаміты скульптар адзначыў, што цяпер працуе над стварэннем бюста Алега Навіцкага — трэцяга беларускага касманаўта. Творца таксама распавёў, што на сталічнай вуліцы Касманаўтаў з’явіцца алея, дзе кожны прыезджы касманаўт зможа пасадзіць дрэва. Будзе ўсталяваны барэльеф, прысвечаны Пятру Клімуку, Уладзіміру Кавалёнку і Алегу Навіцкаму.

Іван Міско вядомы перш за ўсё сваімі манументальнымі работамі: помнікі М. Горкаму ў дзіцячым парку г. Мінска і Маці-патрыётцы ў г. Жодзіна створаныя ў садружнасці са скульптарамі М. Рыжанковым, А. Заспіцкім і архітэктарам А. Трафімчуком.

У экспазіцыю «Зорнае неба» ўпершыню ўключаны зборнік вершаў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Мініяцюрная кніга была выдадзена ў 1972-м да 90-годдзя з дня нараджэння Песняра. У 1975 годзе Пётр Клімук браў выданне на арбіту. Гэта быў другі палёт першага беларускага касманаўта ў якасці камандзіра касмічнага карабля «Саюз-18» разам з бортінжынерам Віталём Севасцьянавым. Сам-насам з Сусветам лётчыкі правялі больш як 60 сутак. У кастрычніку 1975-га Пётр Клімук падарыў «зорны» томік Даніілу Міцкевічу — сыну Якуба Коласа і першаму дырэктару музея.

Івана Міско заўсёды захаплялі людзі, якія імкнуліся да вышынь Сусвету. У галерэі мастака нямала партрэтаў знакамітых дзеячаў беларускай культуры. Скульптарам створана памятная дошка Якубу Коласу ў Вільні, якая будзе размяшчацца на будынку рэдакцыі газеты «Наша ніва», дзе паэт жыў і працаваў вясной 1907 года. Менавіта «касмічнасцю» ў творчасці, як слушна заўважыў на адкрыцці выстаўкі старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, паяднаны Іван Міско з класікам беларускай літаратуры Якубам Коласам. У творчасці народнага паэта «зорная» тэма яскрава выяўлена ў сімволіка-алегарычнай паэме «Сымон-музыка».

На выстаўцы «Зорнае неба» прадстаўлена больш як 40 работ Івана Міско: скульптуры, фота, эскізы, медалі. Наведвальнікі могуць пабачыць не толькі мадэлі помнікаў герояў касмічных палётаў, але і фотапартрэты Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка, Аляксея Лявонава, Валянціны Церашковай і іншых касманаўтаў з асабістага архіва народнага мастака. Прадстаўлены тут і бюст першага касманаўта Юрыя Гагарына, які пасля быў узяты за аснову помніка. Гэта адзіная скульптура касманаўта, якую Іван Міско ляпіў пасмяротна. Багата на выстаўцы памятных медалёў у гонар замежных касманаўтаў — амерыканца Джона Фабіяна, французаў Жана Лу Крэцьена і Андрэ Дээ, чэха Уладзіміра Рэмека. Экспануюцца і эскізы малюнкаў першага кітайскага касманаўта Яна Лівэя, японскага — Таёхіра Акіяма, венгерскага — Берталана Фаркаша.

Таццяна ЛАНКОЎСКАЯ

ЛiМ №16 (4765) 18 красавiка 2014 г.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.