Віктар Барабанцаў. Viktar Barabantsau

Год: 
2016
ISBN: 
978-985-581-015-6
Объем: 
128 стр.
Размер: 
22.5x29.0 см
Переплет: 
твердый
Язык: 
Белорусский
Английский
Статус: 
Нет в наличии

Мастакоў на Беларусі заўсёды шанавалі і паважалі, асабліва гэта заўважна ў апошнія дзесяцігоддзі. Плённа працуюць сёння мастакі розных узростаў і розных школ, а сярод іх і наш сябр, паляшук, мастак старэйшага пакалення Віктар Кірылавіч Барабанцаў. Мы сябруем апошнія дзесяць гадоў, часта сядзім перад адкрыццем яго выставак у майстэрні. Працаздольнасць сябра здзіўляе. Ён кажа: «Як вучыла мяне маці, працую ад відна і да цямна, не чакаю заказаў. На жаль, міністэрствы і музеі набываюць нашы работы вельмі рэдка». Сапраўды, так. Мастакоў на Беларусі каля дзвюх тысяч але ён, Барабанцаў, не згубіўся сярод іх, талент мае адметны, не крыкліва-рэкламны. Яго краявіды не зблытаеш з краявідамі калег. Любіць нам казаць: «Найпершая задача мастака — мець уласны погляд на ўсё: на Бога, чалавека, прыроду, радзіму, а мальберты ды фарбы ва ўсіх аднолькавыя. Знайдзі радзіму, адчуй яе ў сваёй душы. Калі мяне не хвалюе краявід, дык не будзе ён хваляваць і людзей».

Яго філасофія — гэта філасофія стварэння, а не разбурэння. Ні на адной карціне ў яго няма крыві альбо нажа, сякеры, мяча. Ён не прыдумляе гармонію, штучна яе не канструіруе, а знаходзіць у прыродзе. У яго карцінах эпічны погляд на радзіму. Вада, лес, аблокі, луг, неба, сцяжынка — усё мае «дыхан- не», нібыта чакае нас, гледачоў. Рэдка, але і мы спрачаемся ля яго карцін — падказваем, чаго, маўляў, не хапае. Барабанцаў усміхаецца. Кожная карціна нясе свой настрой, закранае пэўныя струны душы, наступная карціна прыцягвае да сябе ўвагу яркай дэталлю, калі на ёй вада ці снег — хочацца дакрануцца да іх. Нашы жонкі кажуць, што ім «холадна» ад яго зімовых краявідаў. Пытаемся: «Холадна ад усёй карціны?» Адказваюць: «Не, толькі ад снегу. А сама карціна цёплая, так і вяртае ў дзяцінства, будзіць успаміны і нясе хараство».

Віктар Кірылавіч любіць рэалізм і лічыць яго невычэрпным. Удумліва шукае сюжэты для кожнай карціны. Царква, касцёл, людзі, масток — усё да месца. Лірызмам прасякнуты і яго партрэты дзеячаў мастацтва, навукі, простых людзей. Ён умее прыкмеціць характар асобы. Не застаюцца па-за ўвагай і замежныя эцюды. Пад сілу майстру і карціны прадстаўнікоў хрысціянскай рэлігіі. Малюе толькі тое, што пасуе да ягонай душы. Да яго карцін просіцца ансамбль народных інструментаў, не саксафон ці гітара, а менавіта цымбалы, гармонік, домра.

Віктар Кірылавіч Барабанцаў вельмі абаяльны, чулы, адкрыты чалавек, не любіць спрачацца, але цвёрды ў сваім бачанні свету, як сябр — надзейны.

Яго палотны, без сумневу, — залаты фонд нацыянальнага жывапісу. Упэўнены, што на радзіме, у Гомелі, будзе адкрыта галерэя ягоных твораў.

На пытанне: «Якое тваё творчае крэда?» Адказвае: «Мая творчая ідэя, на першы погляд, зусім простая: хачу перадаць праз карціны сваю любоў да жыцця і да Радзімы».

А мы згодны з яго словамі.

 

Георгій МАРЧУК,

пісьменнік,

лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и абзацы переносятся автоматически.